Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў распавядае:
(Кручкоў: ) “Цяпер у мэтрапалітэне, хоць што рабі зь імі, ня хочуць рабіць абвесткі што да бясьпекі руху на беларускай мове. Такім чынам атрымліваецца, што калі ты гаворыш і разумееш толькі па-беларуску, дык можаш трапіць пад цягнік”.
Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў мае немалы сьпіс тых сфэраў грамадзкага жыцьця, у якіх родная мова ўвогуле не ўжываецца альбо амаль выцесненая. Збольшага не карыстаюцца ёю дзяржаўныя чыноўнікі, асабліва вайскоўцы і супрацоўнікі адмысловых службаў, вельмі рэдка беларуская мова ўжываецца на транспарце, у прамысловасьці, рэкляме. Выціскаецца зь дзяржаўнага тэлебачаньня і дзяржаўнага друку. Тыповы прыклад — трывалы дэфіцыт беларускамоўных паштовак напярэдадні чарговых сьвятаў. Наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі сьведчыць:
(Яноўскі: ) “Нядаўна адна жыхарка гораду паскардзілася, што ня можа адправіць беларускай віншавальнай паштоўкі з Новым годам. Іх проста няма ў аддзяленьнях сувязі.
(Гамяльчанка: ) “Я не разумею нашых уладаў, не разумею кіраўнікоў Белпошты. Чаму я, грамадзянка Беларусі, не магу даслаць віншавальных паштовак на сваёй роднай беларускай мове сваякам, сябрам, знаёмым. Проста нейкі тэатар абсурду. Паштовак з Калядамі наогул ніякіх няма”.
Куды ня павярніся, скрозь усё на расейскай мове. Крамы, кавярні, рэстарацыі, аб’явы — спрэс па-расейску. Спытаеш у чыноўніка, ён адказвае табе па-расейску. Лісты, дакумэнты, квіткі камунальных выплатаў — проста нейкае агромністае іншаземнае кола каціцца на беларуса. Праўда, гэтым годам тут становішча ўдалося паправіць.
Адзін мой знаёмы ня мог знайсьці ў горадзе садку, дзе б ягоны хлопчык мог патрапіць у беларускі асяродак. Выхавацелька, якая праводзіла тэставаньне, сказала бацькам, што іхны сын шмат чаго ня разумее. Ён і сапраўды ня разумеў, бо ў сям’і размаўлялі выключна па-беларуску. Выхавацелька ж ня ведала беларускай мовы і пытаньні задавала хлопчыку на незразумелай расейскай мове. У гэтым і палягаў канфлікт.
Пісьменьнік Анатоль Бароўскі зважае, што і на тралейбусным транспарце магнітныя запісы назваў прыпынкаў робяцца зноў-такі па-расейску. Паводле пісьменьніка, улады ня хочуць і нават не спрабуюць забясьпечыць у горадзе камфортнага пражываньне беларусам.
(Бароўскі: ) “Гэта глухая сьцяна. Улада — гэта нешта, як быццам, іншая дзяржава ў нашай дзяржаве. У іх настрой другі, у іх размова іншая. І вось мы хацелі бы зьвярнуцца з такою ініцыятываю: наступны год аб’явіць годам “Чыноўнік, размаўляй са мною на беларускай мове”. І ня толькі размаўляй, але і рабі наш горад прыгожым”.
* * *
Дарэчы, адрозна ад Гомелю, сёлета ў Менску хапае віншавальных паштовак на беларускай мове. Становішча ўдалося зьмяніць праз шматлікія пратэсты і патрабаваньні актывістаў Таварыства беларускай мовы. Аднак посьпех змагароў за родную мову выглядае недастатковым, калі ён тычыцца толькі Менску. А як вынікае з паведамленьняў зь іншых гарадоў Беларусі, а тым больш з глыбінкі, там наступ на беларускую мову і не спыняўся. Што рабіць, пытаюся я ў намесьніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова?
(Кручкоў: ) “Калі паглядзець цяперашні Закон аб мовах, то там напісана “і”, “альбо”. Што трэба выкарыстоўваць і беларускую, альбо адну з моваў. Вось яны бяруць расейскую — і толькі яе выкарыстоўваюць. Але гэта парушае роўнасьць моваў. Калі роўнасьць, то выкарыстоўваейце “і”— таксама беларускую мову. Гэта запатрабуе падвойных выдаткаў, але не ТБМ прыдумала дзьвюхмоўе, дзяржава прыдумала, таму хай дзяржава яго і забясьпечвае”.
Такім чынам, Таварыства беларускай мовы патрабуе зьмяніць заканадаўства, каб забясьпечыць фактычную роўнасьць беларускай і расейскай моваў. У гэтым ТБМ знайшоў падрымку Канстытуцыйнага суду. Напачатку сьнежня той накіраваў у парлямэнт прапанову разгледзець адпаведныя зьмены і нормы, якімі замацаванае ўжываньне моваў у пабытовай галіне, у абарачэньні банкаўскіх плястыкавых картак і сацыяльным страхаваньні. Аднак варта заўважыць, што папярэдняе аналягічнае рашэньне Канстытуцыйнага суду парлямэнт праігнараваў. Сяргей Кручкоў тлумачыць гэта непрыхільным стаўленьнем да беларускай мовы найвышэйшага кіраўніцтва краіны, на якое арыентуюцца дэпутаты і дзяржаўныя чыноўнікі. Між тым, гэта ёсьць грубым парушэньнем Канстытуцыі, мяркуюць у ТБМ.