Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.ГАЙДУКЕВІЧ ПЕРААБРАНЫ СТАРШЫНЁМ ЛІБЭРАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ


Юры Сьвірко, Менск

На зьезд ЛДП у канфэрэнц-залі менскай гасьцініцы “Юбілейная” сабралася 149 дэлегатаў, хаця абрана было 168. Прадстаўнікоў прэсы туды не пусьцілі, і толькі потым журналісты даведаліся, што зьезд выключыў з партыі трох яе былых кіраўнікоў, якія раней ініцыявалі зьмяшчэньне партыйнага лідэра — спадароў Рабатая, Маркевіча і Курса. Пераабраны старшынём пры ўсяго адным голасе супраць Сяргей Гайдукевіч заявіў пра гэтую тройку:

(Гайдукевіч: ) “Яны казалі: “Прыйдзем на штурм”. Я маю рашэньне гарвыканкаму, якім мяне забавязалі выконваць парадак. Паводле закону аб палітычных партыях — вы цудоўна ведаеце — калі ў мяне будзе дапушчана падчас масавых мерапрыемстваў парушэньне грамадзкага парадку, гэта пагражае закрыцьцём. Я як старшыня партыі цудоўна разумеў, на што яны могуць пайсьці, таму што яны людзей ня маюць, нікога ня маюць”.

Спадар Гайдукевіч перакананы, што больш непрыемнасьцяў у партыі ня будзе, і кажа, што вынікі апошняга зьезду не былі для яго нечаканасьцю. Тым ня менш, у статут ЛДП унесьлі зьмены, якія скасавалі пасаду першага намесьніка старшыні партыі. Аднак выключаны з партыі Аляксандар Рабатай заяўляе:

(Рабатай: ) “Па-першае, гэта ня зьезд. Яны не змаглі нават сабраць 200 чалавек. Зьбіралі, плацячы кожнаму грошы. Больш за тое, на зьезд не пусьцілі ніводнага журналіста. Яшчэ трэба, каб гэтую сходку хаця б фармальна прызнала Міністэрства юстыцыі. Гэта можа адбыцца толькі дзякуючы тэлефоннаму праву. Я цудоўна разумею, што суд супраць Міністэрства юстыцыі — гэта гучыць крыху дзіўна, але мы пройдзем і гэтую стадыю. Калі гэта не дапаможа, мы будзем ствараць новую структуру. Гэта будзе абноўленая, сапраўдная паводле свайго ідэалягічнага зьместу лібэральна-дэмакратычная партыя”.

Аднак гэтыя пагрозы спадара Рабатая лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч лічыць нерэальнымі й кажа, што ён будзе працаваць, а не ствараць скандалы.

(Гайдукевіч: ) “Прынятая пастанова зьезду, у якой указана, што галоўную ўвагу трэба надаць падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў, што мусяць быць усе 110 кандыдатаў, што падрыхтоўку завяршыць да вясны. 110 сваіх будзем выстаўляць — я ня ведаю, як, напрыклад, мне аддаць акругу камусьці, а потым хадзіць сваіх прыхільнікаў пераконваць: мы ня ставім свайго, а вы галасуйце за таго. Гэта ня тое аб’яднаньне. Аб’яднаньне мусіць быць, але не такое — яно віртуальнае, гэтаксама як адзіны кандыдат Ганчарык. Я тады казаў, мяне ніхто ня слухаў”.

ЛДП вырашыла таксама, што выступіць з заканадаўчай ініцыятывай зьмяніць некаторыя выбарчыя законы, каб была і мажарытарная, і прапарцыйная сыстэма фармаваньня Палаты прадстаўнікоў, якая налічвае 110 месцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG