Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 22 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год:

“Па ўсёй старане раскінулісь казёныя школкі. С кожным годам іх прыбывае ўсё болей і болей, бо грамата-прасьвета ўсё больш патрэбны народу. Але не адной толькі мэтай вучыць кіруюцца гэты школкі. Іх задача — перэрабляць беларуса ў расейца і нагінаць яго душу і яго думкі ў той бок, як хочуць там — “вышэй”. Гэткую задачу ускладаюць на народнага вучыцеля. Яго прымушаюць быць ня толькі настаўнікам, але і займацца “казёнай палітыкай”. І ён — іншы з лёгкім сэрцам, іншы сцяўшы зубы, спаўняе гэту задачу, забываючыся аб адным: што яму плоцяць народнымі грашмі, што ён павінен працаваць дзеля карысьці народу… Школа павінна быць культурным огнішчэм, а не служыць нейкай “палітыцы”, не перэрабляць душы народу на чужы капыл. А ўсё гэта залежыць ад нашых настаўнікаў-вучыцелёў”.

“Полесская правда”, 1923 год. Рабкор Ядолаў пад загалоўкам “Ня трэба калядных ялінак” піша:

“Набліжаюцца рэлігійныя сьвяты. Некаторыя грамадзяне ўжо задумваюцца аб уладкаваньні ялінак і аб набыцьці сьвяточных упрыгожваньняў. А ў гэты час галадаючыя дзеці германскіх рабочых зьвяртаюцца да ўсіх працоўных з заклікам даць ім хлеб. Ці ня лепш дапамагчы ім, чым выдаткаваць грошы на елкі? Час пра гэта падумаць, час пачаць перадсьвяточную антырэлігійную кампанію шляхам правядзеньня лекцый і сумоўяў у рабочых клюбах”.

“Народная газета”, 1993 год. Фонд Сораса-Беларусь са старонак заяўляе свой пратэст супраць неабгрунтаваных абвінавачаньняў у сувязях Фонду з карумпаванымі структурамі беларускай улады:

“У сваёй прамове 15 сьнежня на сэсіі Вярхоўнага Савету дэпутат Лукашэнка паведаміў сваім калегам-парлямэнтарыям: “Я также не сказал, кого из вас подкармливает Фонд Сороса, чьи жены и кто из министров, в том числе и члены оппозиции, получают там доллары”… Мы настойваем, каб дэпутат Лукашэнка папрасіў прабачэньне ў Фонду Сораса-Беларусь з трыбуны сэсіі альбо дакумэнтальна даказаў свае словы. У іншым выпадку мы будзем вымушаныя падаць на народнага дэпутата ў суд за нанясеньне маральнай шкоды. З павагай: Элізабэт Смэдлі, выканаўчы дырэктар Фонду Сораса-Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG