Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ГОД ЗА КРАТАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Самымі сямейнымі, чаканымі сьвятамі ў турме лічацца Каляды і Новы год, але як раз таму яны прыносяць ў душы людзей за кратамі найбольш смутку. Былы парлямэнтар Андрэй Клімаў, які адбыў за кратамі амаль 2 тысячы дзён, распавёў мне:

(Клімаў: ) “Насамрэч разумееш, наколькі недасягальныя блізкія табе людзі, што з табой абышліся несправядліва, і ў душы закіпае злосьць. У такі момант ўсё б парушыў і, здаецца, забіў бы пракурора і судзьдзяў, калі б яны былі побач”.

Сьвяточным Андрэй Клімаў ня можа назваць ніводны з тых дзён, якія ён правёў у турме, у тым ліку свае дні нараджэньня. А вось што да запамінальнасьці, то Андрэй Клімаў адзначыў Новы год. Па-першае, 31-га сьнежня дазвалялі крыху больш паглядзець тэлевізар ды пазьней легчы спаць, а гэта вязьням, як дзецям – ужо радасьць. Па-другое, з крошак батона і згушчонкі гатавалі навагодні торт, а тыднёвыя запасы гарбаты ішлі на прыгатаваньне чыфіра, які вязьням замяняў шампанскае. Але пасьля ўжываньня такога напоя ды чарговай хвалі смутку нэрвы ў вязьняў могуць ня вытрымаць. Менавіта на сьвяты, паводле турэмнай статыстыкі, прыпадае большасьць парушэньняў унутранага рэжыму. Непажаданыя інцыдэнты адміністрацыя спрабуе папярэдзіць:

(Клімаў: ) “Адміністрацыя арганізуе дадатковыя ператрусы, і тады шукаюць гэтак, быццам душу вытрасаюць. Вось гэта ёсьць падарункам адміністрацыі да Новага году”.

Апошнімі гадамі ў жаночых калёніях Беларусі сталі ўжываць больш гуманны спосаб прадухіленьня нэрвовых зрываў вязьняў. Жанчынам дазваляюць ладзіць сьвяточныя канцэрты гурткоў самадзейнасьці. Лічыцца, што найбольшы эфэкт даюць нават ня самі канцэрты, а рэпэтыцыі. Арыштанткі на сцэне літаральна ажываюць, як палітыя кветкі. Але непасрэдна навагодняе сьвята і для артыстак праходзіць незаўважна, бо ў 12 гадзінаў начы ў калёніі ўсе, акрамя вартаўнікоў, мусяць спаць.

Ці маюць вязьні права атрымаць сьвяточныя падарункі? Адмысловыя – не, а толькі як частка тых перадач, якія дазволеныя законам. Звычайна сваякі наўмысна прымяркоўваюць чарговую пасылку да Новага году, у чым ня цяжка пераканацца, калі зайсьці ў гэтыя дні на пошту. У вялікіх чэргах кліентаў абавязкова знойдзецца некалькі тых, ў каго на пасылцы пазначаны адрас турмы. Звычайна гэтыя людзі ў апошні момант нешта дастаюць з пасылак, бо іх вага большая за дазволеную. Усяго хочацца даслаць сыночку – і кавалак сала, і бляшанку шпротаў, і кольца каўбасы ці сьвяточны пірог. Але больш за 5 кг усё роўна не прымуць.

Затое неабмежаванае атрыманьне вязьнямі віншавальных паштовак ды лістоў, таму турэмная пошта зараз імі сапраўды заваленая. Але гэта толькі для ўжо асуджаных. Арыштанты сьледчых ізалятараў на Каляды ці Новы год не атрымаюць нават радочку з пажаданьнем добрага здароўя. Мая наступная суразмоўца другі год носіць перадачы сыну ў менскі ізалятар на Валадарскага і добра ведае тамтэйшыя парадкі:

(Жанчына: ) “Не дазваляюць перадаць нічога, нават віншавальнай паштоўкі. Многія жанчыны, у якіх там дзеці непаўнагадовыя, просяць перадаць нейкую цацку, маленечкую Сьнягурачку ці Дзеда Мароза. Нельга! Нельга нічога, што можа хаця б як нагадаць пра навагодняе сьвята”.

Паводле гэтай жанчыны, якая, каб не пашкодзіць сыну, не назвала свайго імя, у менскім сьледчым ізалятары вітаецца толькі адно сьвята – праваслаўны Вялікдзень. Тады ўсім вязьням незалежна ад веравызнаньня раздаюць віншавальныя паштоўкі з подпісам Філарэта і размаляваныя яйкі. А вось Новы год, а тым больш каталіцкія Каляды за сьвята на Валадарцы не прызнаюць.

Больш прыязна ставяцца да навагодніх сьвятаў у менскім гарадзкім ізалятары на Акрэсьціна. Гэтак сьцьвярджае палітык Валер Шчукін, які тры гады таму правёў у ізалятары навагоднюю ноч. Валер Шчукін згадвае, што за дзьве гадзіны да наступленьня сьвята начальнік установы асабіста наведаў яго у камеры, каб павіншаваць. Але потым дзьверы зачыніліся, сьвятло адключылі, і вязень застаўся ў адзіноце. Гадзіньніка ў яго не было, бо гадзіньнікі ў турме адбіраюць, таму ўзьнікла праблема, як не прапусьціць Новы год:

(Шчукін: ) “Сядзеў я ў пятай камеры, у якой вакно выходзіць на мікрараён Паўднёвы Захад, гэта якраз дзе мой сын жыве. Гляджу ў вакно, калі палятуць ракеты. Як толькі яны засьвяціліся, значыць, прыйшоў новы год, я сябе павіншаваў”.

Дарэчы, у адрозьненьне ад апошніх савецкіх гадоў, у сучаснай Беларусі шмат каму зь вядомых грамадзянаў даводзіцца сустракаць Каляды і Новы год за кратамі. Праз такое выпрабаваньне прайшлі былы міністар Васіль Лявонаў і ягоны сябра, славуты старшыня “Расьсьвета”, двойчы герой працы Васіль Старавойтаў, банкіры Ўладзімер Хілько і Яўген Краўцоў, былы апазыцыйны дэпутат Уладзімер Кудзінаў і нядаўні фаварыт Аляксандра Лукашэнкі сэнатар Віктар Рахманько. Новы, 2004 год за кратамі сустрэнуць былы генэральны дырэктар МТЗ Васіль Лявонаў, сын былога прэм’ера Аляксандар Чыгір і былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытута прафэсар Юры Бандажэўскі. У Эўропе лічаць, што ўсіх трох беларускія ўлады перасьледуюць паводле палітычных матываў. У прыватнасьці, да перасьледу Юрыя Бандажэўскага магла спрычыніцца ягоная навуковая праца адносна сапраўдных наступстваў чарнобыльскай катастрофы для здароўя беларусаў. Зараз вызваленьня прафэсара патрабуюць навуковыя і палітычныя колы краінаў Эўропы, і ў ягоных сваякоў сапраўды зьявілася надзея, што 2004 год стане годам вызваленьня. Пра гэта мне паведаміла дачка Юрыя Бандажэўскага Наташа:

(Наташа Бандажэўская: ) “Калі паводле амністыі, то атрымаецца, што ён мусіць вызваліцца ў студзені, бо амністыя здыме год і атрымаецца палова тэрміна. І тады можна разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне”.

Празноз Наташы Бандажэўскай, канечне, вельмі аптымістычны, бо амністыя 2004 года яшчэ ня стала законам, не прайшла ўсіх патрэбных зацьверджаньняў, але марыць і спадзявацца на лепшае – трэба. Пераднавагоднія мары мусяць збывацца. Для вязьняў –таксама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG