Меркаваньні людзей пра паляпшэньне эканамічнага становішча ў зьвязку з прызначэньнем новага прэм’ер-міністра разнастайнасьцю не вылучаліся: найбольш частымі былі такія выказваньні.
(Спадар: ) “Ніякіх спадзяваньняў няма. Ужо так загнілі й урад гэты, і міністры, у такой карупцыі сядзяць, што, напэўна, ад зьмены месцаў нічога не памяняецца”.
(Спадарыня: ) “Ніякіх спадзяваньняў няма, што нешта зьменіцца да лепшага. Вопыт дзесяці гадоў паказаў, што ня той накірунак мы ўзялі. Перадусім трэба добрага эканаміста браць на гэтую пасаду, а пакуль спадзяваньняў ніякіх”.
(Спадар: ) “Нічога ня будзе, бо аблажылі, як ваўкоў: падаткі, страхоўкі. Узяць даверанасьць – 42 тысячы каштуе. Раней гэтае пытаньне ў сельсавеце вырашалі – немагчыма ўсё гэта. Лепш ня будзе ніколі”.
(Спадарыня: ) “Ад перастаноўкі прэм’ераў сытуацыя ня зьменіцца, а зьменіцца, калі будзе агульны падыход. Безумоўна, можна сказаць, што ў нас валавы ўнутраны прадукт вырасьце на дзесяць адсоткаў. У эканамічна разьвітых краінах ён вырастае на два й тое там радуюцца. А адкуль у нас узяцца дзесяці?”
(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас спадзяваньні на паляпшэньне эканамічнага становішча?”
(Спадарыня: ) “Я нават ня ведаю. Можа што й палепшыцца. Заўсёды, як нешта новае, то й чакаеш, што нешта новае й лепшае адбудзецца”.
(Спадар: ) “Я ні на што й ні на каго не спадзяюся, а толькі на сябе”.
Адметна, што некаторыя адмаўляліся выказваць сваё меркаваньне пра новага прэм’ера, спасылаючыся на свой статус чыноўніка.
Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас спадзяваньні на паляпшэньне эканамічнага становішча?”
(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я дзяржаўная служачая, таму ня буду адказваць. Прабачце”.
(Спадар: ) “Я лічу, што не палепшыцца. Ня веру гэтаму нашаму ўраду. Бо – глядзіце: кошты падвышаюцца, а заробкі – не. Канечне, хацелася, каб яно палепшылася. Я ўдзельнічаў у будаўніцтве “Форда”. І што вы думаеце, мы горшыя за немцаў? Мы ня горшыя, але “камандзіры” у нас такія”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта залежыць не ад прэм’ер-міністра, а ад прэзыдэнта. Наўрад ці ў нас прэм’ер-міністр нешта вырашае”.
(Спадар: ) “Эканамічнае становішча наўрад ці зьменіцца ў лепшы бок, бо кіраўнікі ўрадаў выконваюць эканамічны курс нашай дзяржавы, які быў абраны яшчэ раней. І мне падаецца, што ад гэтага нашыя людзі лепей жыць ня будуць”.
(Спадар: ) “Я бы не мяняў: калі чалавек акапаўся, то яму ўжо нічога ня трэба. А новы прыходзіць і пачынае хапаць па новай, і па новай. Я бы не мяняў”.
(Спадарыня: ) “Са зьменай прэм’ер-міністра нічога не палепшыцца, будзе ісьці так, як і ішло. Я не чакаю ніякіх пераменаў. Галоўнае, каб яшчэ горш не было”.
Гэтак мінакі на вуліцах Менску выказалі сваё стаўленьне наконт прызначэньня на пасаду прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.