Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў для разгляду прадстаўленай А. Лукашэнкам кандыдатуры новага прэм’ера Сяргея Сідорскага пачалося са скандалу, які прадэманстраваў адносіны выканаўчай улады да заканадаўчай. Упершыню ў будынак парлямэнту не былі дапушчаныя парлямэнцкія карэспандэнты. Паводле загаду прэзыдэнцкай адміністрацыі, выдадзеныя Палатай прадстаўнікоў акрэдытацыйныя дакумэнты на час знаходжаньня ў будынку А. Лукашэнкі страцілі сілу. Служба аховы А. Лукашэнкі не пусьціла ў будынак журналістаў незалежных выданьняў і нават Беларускага радыё ды тэлеканалу СТБ, якія не ўваходзяць у так званы прэзыдэнцкі пул. Ахоўнікі па рацыі атрымлівалі распараджэньні ад свайго кіраўніцтва “асабліва пільнаваць перамяшчэньні журналістаў”, а іншых запрошаных на сэсію часам прапускалі без праверкі дакумэнтаў, напрыклад, расейскага амбасадара Аляксандра Блахіна ахоўнік вітаў стойкай “смірна” і прыкладаньнем рукі да фуражкі. А вось беларускага міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, які ішоў пазьней, ахоўнік спыніў і пільна праверыў пасьведчаньне. Але найбольш пашаны ў Палаце прадстаўнікоў выказалі да Аляксандра Лукашэнкі, да прыезду якога на ганку Дома ўрада паслалі чырвоную дывановую дарожку, якая мокла пад дажджом, пакуль той выступаў перад дэпутамі.
Вынікі галасаваньня былі прадвызначаныя, абсалютная большасьць дэпутатаў – 91, падтрымалі кандыдатуру Сідорскага. Лукашэнку пытаньняў не было, прычым на рабочых месцах дэпутатаў нават былі адключаныя адпаведныя кнопкі, якімі трэба скарыстацца, каб падаць заяўку на пытаньне. Адзіным, хто задаў пытаньне Сідорскаму, быў дэпутат Уладзімер Парфяновіч. Ён спытаў, ці меў той праблемы, звязаныя з праваахоўчымі органамі, і якое жыльлё ён мае. Пытаньне было з падтэкстам. Пра адказ Сідорскага гаворыць Уладзімер Парфяновіч:
(Парфяновіч: ) “Сказаў, што чэсны”.
Уладзімер Парфяновіч зазначыў, што ён мае інфармацыю, запісаную на дыктафон, пра тое, што насамрэч у Сідорскага нібыта былі праблемы з праваахоўчымі органамі, аднак адпаведных дакумэнтаў дэпутат не мае, іначай аддаў бы іх Лукашэнку. Тым ня менш, спадар Парфяновіч галасаваў супраць кандыдатуры Сідорскага, разам з 10 іншымі дэпутатамі.
(Парфяновіч: ) “Вы ведаеце, што зараз ў Літве ідзе справа Паксаса, і мне не хацелася б, каб у нас прэм’ер таксама меў нейкія цёмныя плямы ў сваёй гісторыі. А па-другое, паўнамоцтвы Сідорскага засталіся такімі ж, якія былі ў Навіцкага. Усе праблемы, якія стаяць перад урадам, нельга вырашыць толькі адміністратыўнымі рычагамі. Патрэбныя яшчэ дзеяньні і паўнамоцтвы”.
Дэпутат Сяргей Скрабец таксама галасаваў супраць Сідорскага, але з тае прычыны, што Сідорскі так і не зрабіў справаздачу пра сваю дзейнасьць ва ўрадзе з 2001 году. А па-другое, таму, што ён, паводле дэпутата, ня мае сваёй пазыцыі па найбольш актуальных пытаньнях адносна ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля, сяброўства ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, інтэграцыі з Эўразьвязам, а зазначае толькі, што будзе выконваць волю А. Лукашэнкі.