Навагоднімі ды каляднымі паштоўкамі актыўна гандлююць на кожным аршанскім паштовым аддзяленьні і ці ня ў кожнай краме. Яны карыстаюцца ў Воршы гэтымі перадсьвяточнымі днямі асабліва вялікім попытам: большыня прадпрыемстваў гораду не працуе, і таму дарагія калядныя падарункі аршанцы адно аднаму ня дораць.Аднак беларускамоўныя паштоўкі мне давялося сустрэць толькі ў адным месцы: на паштовым аддзяленьні ў будынку чыгуначнага вакзалу, і было іх усяго дзьве спаміж некалькіх дзясяткаў расейскамоўных віншаваньняў. Чаму беларускіх паштовак у продажы так мала, гандлярка Марына Мікалаеўна не задумвалася:
(Гандлярка: ) “Усе яркія, прыгожыя паштоўкі ў нас, паглядзіце. З Новым годам, з днём народзінаў, потым вось гэтыя паштоўкі, са словамі замежнымі…”
(Карэспандэнтка: ) “Вось я бачу: тут па-ангельску“Merry Christmas“ напісана. А чаму няма, каб “Віншую з Калядамі”, па-беларуску?”
(Гандлярка: ) “Увогуле, у нас збольшага расейскія паштоўкі. Гэта звычайна таваразнаўцы замаўляюць, таму я ня ведаю, чаму так атрымліваецца”.
Падобная сытуацыя з дэфіцытам беларускамоўных паштовак дый увогуле беларускамоўных віншаваньняў была ў Воршы й летась, і пазалетась. Пра гэта мы размаўляем з настаўніцай Ларысай Кудраўцавай ды старшынём гарадзкой суполкі ТБМ Юрыем Нагорным.
(Нагорны: ) “Не было! Я спрабаваў набыць паштоўку “З Новым Годам” або “З Калядамі!” Не было!”
(Кудраўцава: ) “А я бачыла беларускую паштоўку. Толькі тое, што на ёй напісана, я нават вымавіць магу зь цяжкасьцю: “З Ражджаством!” Чаму было не напісаць “З Калядамі”? А яшчэ такі момант. У нас ёсьць некалькі крамаў, праўда, іх няшмат, якія называюцца па-беларуску: “Сонейка”, “Вясёлка”, “Хвілінка”… Чаму б іхнаму кіраўніцтву не павіншаваць пакупнікоў па-беларуску, не аформіць на беларускай мове вітрыны? Вось я жыву каля крамы “Раніца”, і я пыталася там пра гэта. У адказ толькі паціскаюць плячыма, маўляў, нашто гэта трэба, няўжо гэта кагосьці хвалюе”.
Сёньня і віншаваньні ў вітрынах крамаў, і сьвяточныя афішы, і вялікія плякаты-перацяжкі на аршанскіх вуліцах спрэс расейскамоўныя. Да таго ж яны пераважна мінулагоднія, бо, як кажуць супрацоўнікі гарадзкога аддзелу культуры, на выраб новых бракуе грошай.
Але, на думку мастака Алеся Пушкіна, які нядаўна быў наведаў Воршу, яшчэ болей як грошай аршанцам бракуе прыватнае ініцыятывы. Прынамсі, у мястэчку Бобр, дзе ён жыве, праблемаў зь беларускамоўнымі паштоўкамі даўно ўжо няма.
(Пушкін: ) “Я заўсёды кажу загадчыцы пошты: “Трэба, каб была і расейская, і беларуская прадукцыя! У нас дзяржаўная мова беларуская, я тут гаспадар, тут жыву і хачу купляць беларускае!” Яна вымушана! Першыя гады абуралася, а цяпер нічога, прывозіць!”
Падобнае меркаваньне пра часам недастатковую ўласную актыўнасьць выказалі і дэлегаты абласное канфэрэнцыі ТБМ, якая прайшла ў Віцебску 14 сьнежня. Яны прынялі рашэньне напярэдадні кожнага вялікага сьвята праводзіць у сваіх рэгіёнах адмысловую акцыю “Патрабуй сваё!”