Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАНЦЭРТНАЙ ЗАЛІ “МЕНСК” БЕЛАРУСКІЯ МУЗЫКІ ЗЛАДЗІЛІ “СЬВЯТЫ ВЕЧАР”


Галіна Абакунчык, Менск

Упершыню яны выйшлі на сцэну разам пры канцы 1999 году з нагоды 2000-годзьдзя Хрысьціянства, але ад сёлета традыцыя “Сьвятых вечароў” стане штогадовай. Акрамя таго, арганізатары плянуюць зладзіць для ўдзельнікаў наступных імпрэзаў адборачныя конкурсы. Падрабязнасьці паведамляе Галіна Абакунчык.

“Сьвяты вечар” – гэта супольная калядная імпрэза некалькіх вядомых беларускіх рок-гуртоў і выканаўцаў. Пра папулярнасьць гэтага музычнага праекту сьведчыць ужо той факт, што сёньня набыць квіткі было немагчыма, а канцэртная заля сталася перапоўненай. Падчас імпрэзы музыкі выканалі новыя песьні, а таксама ўсе тыя, што склалі першы альбом “Сьвятога вечара”: гэта “Ціхая ноч”, “Авэ Марыя”, “На Каляды” й іншыя. Новым было й тое, што ўпершыню разам з рок-музыкамі калядныя песьні сьпяваў хор “Голас душы” з Чырвонага касьцёлу Менску. І ад сёлета традыцыя “Калядных вечароў” павінна стаць штогадовай – кажа адзін з арганізатараў сьвята, лідэр грамадзкай арганізацыі “Беларуская музычная альтэрнатыва” Віталь Супрановіч.

(Супрановіч: ) “Мы паспрабавалі ўзнавіць праект, падрыхтавалі перавыданьне гэтага альбому для таго, каб быў працяг, каб быў “Сьвяты вечар-2004”, “Сьвяты вечар-2005” і гэтак далей. Магчыма, што сёньняшні канцэрт дасьць пачатку й новым дыскаў”.

“Сьвяты вечар” – адзін зь нямногіх беларускіх музычных праектаў, фундатарамі якога ёсьць айчынныя бізнэсоўцы. Упершыню гэта быў прадпрымальнік Алесь Суша, а гэтым разам яшчэ й кампанія “Белпі”. Вось як патлумачыў свой удзел у арганізацыі сьвята спадар Суша.

(Суша: ) “Усе ўдзельнікі безумоўныя зоркі, куміры беларускай моладзі пра што сьведчыць посьпех і дыску “Я нарадзіўся тут”, і таго, што робіць “Крыві”, і Зьміцер Вайцюшкевіч і іншыя. Асабіста мне здаецца, што гэта вельмі пэрспэктыўна, і ў маіх плянах папаўняць альбом “Сьвятога вечара” штогод. У наступным годзе пры падтрымцы Чырвонага касьцёлу будуць праведзеныя конкурсы, да прыкладу, у Пінску, Горадні, Магілеве, Гомелі, іншых гарадах. Пасьля будзе нешта кшталту фэстывалю, і найлепшыя выканаўцы прымуць удзел у наступным “Сьвятым вечары -2004”.

Акрамя таго, у рамках сьвяткаваньня калядных імпрэзаў Беларуская музычная альтэрнатыва разам з музыкамі й бізнэсоўцамі рыхтуецца зладзіць навагодні беларускі ранішнік для дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG