”У 1999 годзе, у сярэдзіне кастрычніка, мы з жонкай паехалі прыбраць на магіле цесьця на Паўночных могілках. Пасьля таго, як праца была закончаная, мы пайшлі да выхаду з могілак. Побач яшчэ йшла жанчына з трыма дзецьмі. Мы праходзілі такі кавалак мэтраў праз 300 ад цесьцевай магілы – роў, якім цякуць сьцёчныя воды, парослы хмызьняком і лесам. Мы ўжо амаль дайшлі да канца кавалка, як раптам пачулі два гучныя крыкі: ”Я – Ганчар! Я – Красоўскі!” І адразу за гэтым – аўтаматныя чэргі. Мы спыніліся і пачулі яшчэ нібыта нешта пляскае – але ўжо не аўтаматныя стрэлы. Я ў войску служыў якраз у палігоннай камандзе і часта бываў на стрэльбішчы, так што трохі разьбіраюся ў гэтым. Стрэлы былі падобныя да пісталетных, магчыма нават з глушыльнікам. Іх было 5-6”.
Апавядальнік не паслухаўся прапановы выклікаць міліцыю – бо калі яна яшчэ прыедзе... І пайшоў сам паглядзець, што там робіцца.
”Не даходзячы мэтраў 40-45, я з-за лісьця пабачыў... Мне кінуўся ў вочы чалавек, у якім я пазнаў Лукашэнку. Ён быў у сіняй куртцы такой – у штармоўцы – і ў бэйсболцы, здаецца, чорнай або таксама сіняй. Я чуў голас Лукашэнкі, а Лукашэнку зблытаць зь некім іншым немагчыма. У яго вельмі запамінальная зьнешнасьць. Было відаць, што ён нешта вельмі ўзбуджана казаў, жэстыкуляваў. Жэсты ў яго такія былі, словы: ”вось так і будзе, і далей будзе...” і яшчэ нешта такое”.
Сьведка ад хваляваньня сьвіснуў, яго заўважылі і загадалі падысьці бліжэй. Апрача Лукашэнкі ён пазнаў шафёра, міністра ўнутраных справаў Сівакова і камандзера СОБРу падпалкоўніка Паўлічэнку.
”...Паўлічэнка пытаецца ў Сівакова: ”І яго туды?” А там была яма выкапаная, як нармальная магіла. Я стаяў блізка – мэтры за два ад гэтай ямы. На дне былі відаць чалавечыя целы, ужо прысыпаныя. Відна была рука – локаць сагнуты. Сівакоў мне сказаў: ”Ты трошкі адыдзі”. Я пачаў адыходзіць. Ён мне: ”Далей, далей”. Я яшчэ падумаў: пакуль ён аўтамат ускіне, можа я яшчэ пасьпею ўцячы? А пасьля думаю: не, ня выйдзе, надта іх шмат, дагоняць. Вырашыў: што будзе, тое й будзе”.
Сівакоў пачаў распытваць сьведку. Калі той згадаў сярод сваіх сваякоў, што нібыта былі на могілках, стрыечнага брата жонкі – намесьніка генэральнага пракурора Сьцяпана Касуху, Сівакоў зьмяніў тон...
”Дык ты прыйшоў паглядзець, хто тут крычаў і хто страляў?” ”Так, кажу, мяне ж сюды паслалі”. Сівакоў адказвае: ”Тут салдаты былі п’яныя, мы іх прагналі. Яны тут хуліганілі, мы іх, вядома, пакараем. Так што йдзі і скажы, што ўсё нармальна.
Я й прыкінуўся прастаком: ну вядома, афіцэры ўсё ж, усё нармальна... Пайшоў – тут на мяне Паўлічэнка зноў: ”Не туды!” Сівакоў кажа: ”Хай ідзе!” А Паўлічэнка: ”Запомніць дарогу”. Сівакоў кажа: ”Куды йдзе, туды йдзе!” Я пайшоў ужо ня той дарогай. Азірнуўся – і тут Паўлічэнка зноў на мяне прыкрыкнуў: ”Не азірайся!” І я пабег. А яшчэ Сівакоў, калі я адыходзіў, сказаў: ”Глядзі, трымай язык за зубамі, а то могуць быць непрыемнасьці”.
Сьведка вярнуўся да сваіх, аднак вырашыў нічога ім не казаць. Празь нейкі час ён сустрэў Сівакова на вуліцы, каля мэтро Кастрычніцкая. Той быў адзін і апрануты ў цывільнае.
”Пытаецца: ”Што ты каму расказаў?” Я кажу: ”Нічога я нікому не расказваў”. Ён кажа: ”Ты зразумеў, што я не душагуб? Бо я ж мог цябе паслаць на той сьвет, але я не душагуб. Я – афіцэр. Для мяне забіць невінаватага чалавека – гэта нізасьць. Я б табе параіў маўчаць, нідзе нічога не казаць, а пра Лукашэнку згадваць добразычліва. У яго вялікі штат людзей, якія на яго працуюць. Я ж, калі ехаў туды, ня думаў, што там будзе разьня. Думаў, проста Лукашэнкаў фарс... Але выйшла так, што яны задумалі подласьць. Расправу. Я проста маліў Бога, каб хоць хто-небудзь аказаўся сьведкам і пабачыў, што там адбылося. Госпад паслаў цябе. Паводле сцэнару я мусіў і цябе паслаць туды. Але я знайшоў выйсьце”.
Аўтар паказаньняў сустракаўся зь Сіваковым яшчэ разы чатыры, і той кожнага разу спрабаваў высьветліць – што ён зьбіраецца рабіць далей. Летась сьведка адчуў, што нехта спрабуе яго запалохаць – неяк была зьбітая ягоная жонка, пасьля напалі на іх абаіх, а аднойчы да дому пад’ехалі міліцыянты і запрапанавалі яму паехаць зь імі. Сьведка здолеў на хвілінку вярнуцца ў кватэру, дзе замкнуўся і патэлефанаваў свайму сваяку – супрацоўніку пракуратуры. Тады ў міліцыянтаў запрацавала рацыя, і яны ад’ехалі. Пасьля гэтага высьпела пастанова – уцячы ў Расею. Там сьведка жыў у манастыры, аднак і там яго знайшлі і ён нейкім дзівам уцёк у Маскву.
”У Маскве я сустрэўся зь Юрыем Шчакачыхіным. Ён зацікавіўся, я нават адчуў нейкі ўздым. А тыдні праз два чытаю газэту – Шчакачыхін памёр... А ў Менску я нікому пра гэта не расказваў...”
На гэтым зьнятае на відэакасэту апавяданьне сьведкі Віктара Забалоцкага заканчваецца. Аўтары публікацыі ў ”Новой газете” перадавалі стужку на экспэртнае дасьледаваньне ў лябараторыю. Высновы паводле вынікаў тэхнічнай экспэртызы відэакасэты гучаць так:
”На стужцы, якая апынулася ў распараджэньні рэдакцыі, няма прыкметаў унутрыкадравага і міжкадравага мантажу, а фанаграма сынхронная з артыкуляцыяй. Інакш кажучы, спаслаўшыся на высновы лябараторных дасьледаваньняў, можна назваць відэазапіс, які мы маем, копіяй аўтэнтычнага відэаматэрыялу”.