Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗАЧЫСТКА” ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ


Любоў Лунёва, Менск

Некаторыя недзяржаўныя газэты сутыкнуліся з сур’ёзнымі перашкодамі з боку ўладаў у справе падпісной кампаніі, якая скончыцца 24 сьнежня. Газэта “Белорусский рынок” заключыла дамовы на размяшчэньне сваіх рэклямных улётак у вагонах мэтро і на слайд-боксах у тунэлі паміж станцыямі “Кастрычніцкая” і “Купалаўская”. У цягніках рэкляма правісела адзін тыдзень замест двух, а на слайд-боксах – 6 дзён замест месяца. Начальнік тэхнічнага аддзелу мэтрапалітэну Аляксандар Хоміч адмовіўся тлумачыць прычыны зьнікненьня плякатаў “Белорусского рынка”. Іншыя структуры, якія адказваюць за рэкляму, таксама ўхіляюцца ад канкрэтнага адказу.

Рэдакцыі папросту вярнулі суму папярэдняй аплаты. Рэдактар “Белорусского рынка” Вячаслаў Хадасоўскі лічыць бессэнсоўным зварот у судовыя інстанцыі.

(Хадасоўскі: ) “Гэта пляны зрыву разьвіцьця рэдакцыі, паколькі падпісная кампанія – гэта асноўная кампанія, зьвязаная з далейшым існаваньнем газэты. Наша рэкляма была абсалютна спакойная. Тое, што ў яе не было нейкіх там мастацкіх якасьцяў – смехатворна. Гэта нежаданьне дапусьціць брэнд на рынак. Магчыма, паўплывалі надпісы ў дадатку газэты ”Шпіль”: “Крэмль губляе цярпеньне, а Беларусь танны газ”. Гэтая тэма актуальная сёлета. Яна будзе актуальная і ў наступным годзе. Я лічу, што нейкі чыноўнік трапіў у мэтро, убачыў і, як звычайна: “Не “пушчаць”.Так і патлумачылі: “Трэба было зьняць, вось і зьнялі”. Судзіцца бессэнсоўна. Мы судзіліся месяц, каб адкрыць новую газэту ў гэтым годзе. Так нічога й не дабіліся. Цяпер будзем выпускаць “Новый выбор” унутры газэты”.

На думку кіраўніка цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіла Пастухова, гэтыя падзеі зьвязаныя з падрыхтоўкай новага закону аб друку. Міхаіл Пастухоў лічыць, што новы закон будзе спрыяць так званай “зачыстцы” інфармацыйнай прасторы напярэдадні выбарчай кампаніі ў парлямэнт.

(Пастухоў: ) “Гэта зьвёны аднаго ланцугу. Прыняцьцё новага закону – гэта далейшае закручваньне гаек. Фактычна ўлада пашырае “зачыстку” і інтэрнэту. Бярэ пад кантроль малатыражную прэсу… Менавіта ў наступным годзе будзе прыняты новы закон аб сродках масавай інфармацыі, і жыцьцё незалежнага друку стане больш складаным. Гэта можна ўвязаць з тым, што ў наступным годзе будуць праходзіць парлямэнцкія выбары. Улада рыхтуецца, каб расчысьціць інфармацыйную прастору”.

Старшыня БАЖу Жана Ліцьвіна лічыць, што сёлетнія цяжкасьці з друкаваньнем шэрагу недзяржаўных газэтаў і зрыў падпісной кампаніі сьведчаць пра тое, што праблема захаваньня свабоды слова ў наступным годзе застанецца актуальнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG