Адзін з удзельнікаў гэтай сустрэчы сказаў мне пасьля яе заканчэньня, што 90 адсоткаў дэпутатаў, якія зьвярталіся да кандыдата ў прэм’еры з пытаньнямі, пачыналі іх аднолькава: "Заўтра я, безумоўна, прагаласую за вашу кандыдатуру..." Гэта дадатковае пацьверджаньне таго, што 19 сьнежня ў спадара Сідорскага ніякіх праблемаў, хутчэй за ўсё, ня будзе.
Найбольш вострыя пытаньні выканаўцу абавязкаў кіраўніка ўраду задалі дэпутаты Вольга Абрамава і Сяргей Скрабец. Спадарыня Абрамава пацікавілася, дзе і з кім будзе Беларусь год празь дзесяць – з Усходам ці з Захадам? А спадар Скрабец хацеў, каб кандыдат у прэм’еры сказаў, якія перавагі атрымае Беларусь, калі ў 2005 годзе пяройдзе на расейскі рубель?
Дакладанага адказу на свае пытаньні абодва дэпутаты не атрымалі. Як сказаў мой суразмоўца, "Сідорскі адказваў так, каб нічога не сказаць".
Іншыя дэпутаты цікавіліся тэмай доктарскай дысэртацыі Сяргея Сідорскага, складам ягонай сям’і і гэтак далей. Таксама задаваліся мясцовыя, рэгіянальныя пытаньні.
19 сьнежня плянарнае паседжаньне пачынаецца з прадстаўленьня Сяргея Сідорскага Аляксандрам Лукашэнкам. Плянуецца, што працэдура зацьвярджэньня зойме ўсяго адну гадзіну.