Найперш, трэба адзначыць, што для характарыстыкі дачыненьняў зь Беларусьсю Пуцін выкарыстаў лёгкую іронію. Прычым гэтая іронія тычыцца пазыцыі кіраўніцтва Беларусі. Хоць прозьвішча Лукашэнкі не прагучала, расейскі прэзыдэнт ловіць яго на супярэчнасьці. Спачатку кіраўнік Беларусі заяўляў, што гатовы ісьці на аб’яднаньне так далёка, як гатовая Расея. А калі Расея такое жаданьне выказала, то Менск даў задні ход. Такім чынам, у чарговы раз разьвенчваецца вобраз Лукашэнкі як інтэгратара. І ў чарговы раз падкрэсьлена, што інтэграцыя не адбываецца з прычыны беларускага боку.
Пуцін пацьвярджае імкненьне Расеі да аб’яднаньня. Аднак Масква, паводле Пуціна, не зьбіраецца настойваць і ціснуць на Беларусь. Прэзыдэнт Расеі зьвярнуў асаблівую ўвагу на валютнае аб’яднаньне, пацьвердзіўшы, што менавіта гэтае пытаньне найбольш важнае для Масквы. Тут Пуцін таксама выказаў скепсыс, сумнеў, што праблема зможа быць вырашаная ў тэрмін, які запісаны ў дамовах. Але выглядае, што расейскі кіраўнік ня ставіць пад сумнеў вырашэньне гэтай праблемы ўвогуле. Гэта азначае, што пытаньне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель будзе ўвесь час выносіцца на парадак дня дачыненьняў з Беларусьсю як галоўнае.