Болей як 35 тысячаў чалавек цягам апошняга дзесяцігодзьдзя атрымалі ў Беларусі статус уцекачоў. Паводле некаторых ацэнак, амаль такая ж колькасьць альбо чакае вырашэньня свайго лёсу, альбо жыве нелегальна з прычыны бюракратычных перашкодаў: людзі не хаваюць, што мусяць чакаць вэрдыкту па пяць-сем, нават дзесяць гадоў.
Найболей мігрантаў у Беларусі з Афганістану: больш за паўтысячы афганцаў маюць у Беларусі статус уцекачоў, яшчэ некалькі сотняў, паводле прадстаўнікоў дыяспары, жывуць у Беларусі нелегальна. У шэрагу афіцыйна зарэгістраваных таксама 76 грамадзянаў Грузіі, 28 — Таджыкістану, 23 — Этыёпіі, 22 — Азэрбайджану, 7 — Палестыны, 5 — Ірану, па 2 — Індыі і Лібэрыі, па аднаму прадстаўніку Армэніі, Іраку, Камэруну і Руанды. Усяго ад пачатку году амаль васемсот замежнікаў былі афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі як уцекачы.
Зараз праходзіць узгадненьне праект прэзыдэнцкага ўказу "Аб некаторых мерах па ўдасканаленьню дзяржаўнага кіраваньня ў галіне міграцыйнай палітыкі". У адпаведнасьці з дакумэнтам, у структуры МУС прадугледжваецца стварэньне дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі — дагэтуль такія функцыі ляжалі выключна на пашпартна-візавых службах, якія ўжо не пасьпявалі за колькасьцю зваротаў.
Бальшыня ўцекачоў ад'яжджаць зь Беларусі не зьбіраецца. Кіраўнік афганскай суполкі ў Менску Рахман Сафі Абдул распавёў, што ніхто зь ягоных суайчыньнікаў у разбураны вайной Афганістан вяртацца ня хоча. Наадварот, можна казаць пра іншую тэндэнцыю: кожны, хто акліматызаваўся ў Беларусі, спрабуе выцягнуць з радзімы сваякоў ды знаёмых. У выніку ўжо зараз колькасьць нелегалаў з аднаго толькі Афганістану дасягае, па некаторых ацэнках, пяці тысячаў. “Ланцуговая рэакцыя” характэрная ня толькі для афганскай дыяспары. Аналягічны працэс ўсё больш яскрава прасочваецца ў дачыненьні да тых, хто едзе з Каўказу, Сярэдняй Азіі, некаторых краінаў Афрыкі.