Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ КІРОЎЦЫ НЯ ЗМОГУЦЬ ЕЗЬДЗІЦЬ У РАСЕІ БЕЗ РАСЕЙСКАЙ СТРАХОЎКІ


Ігар Карней, Менск

Новыя правілы ўезду ў Расею набываюць моц 1 студзеня, таму цягам найбліжэйшых двух тыдняў расейскія міліцыянты яшчэ будуць заплюшчваць вочы на машыны зь беларускімі нумарамі. Вось як пракамэнтаваў гэта эканаміст страхавой кампаніі "Белкаапстрах" Міхаіл Ляжкоў:

(Ляжкоў: ) "Расейцы ўвялі гэты від страхоўкі, але пакуль хочаш – страхуйся, а ня хочаш — не. Страхоўка дарагая: мінімальная, на 15 дзён, будзе каштаваць у сярэднім 30 даляраў. У расейцаў, дарэчы, асобныя, нашмат меншыя расцэнкі, калі іхныя кіроўцы едуць да нас..."

Памер страхавога збору залежыць ад магутнасьці рухавіка аўтамабіля і мясцовасьці, куды накіроўваецца аўто. У выніку мінімальны страхавы збор на два тыдні складае каля 30 даляраў. Гадавая страхоўка на легкавік — 200 даляраў, сумы страхаваньня грузавога транспарту значна большыя. Кіраўнік сталічнага прадпрыемства грузаперавозак Віктар Тарасаў кажа, што абавязковае страхаваньне зьядае ўвесь прыбытак:

(Тарасаў: ) "Страхоўка на грузавік — 100 даляраў, на фуру — 200 даляраў. Мы столькі з рэйсу не прывозім, колькі яны бяруць. Расцэнкі шалёныя. Толькі што з бухгальтарам гаварылі пра абавязковае мэдычнае страхаваньне: "Белдзяржстрах" прымушае пералічваць пэўныя адсоткі ад заработнай платы. Дык "адпусьціце" ж у іншым месцы — перадушаць усіх адназначна. Няхай сабе расейцы плацяць, яны ж багацейшыя! Няхай 30 даляраў і плацяць. Але зрабілі б, прынамсі, 10 даляраў, было б больш-менш па-чалавечы — тут жа вам не Заходняя Эўропа!"

Звычайна пра памеры розных збораў — візавых, мытных, страхавых — дзяржавы дамаўляюцца паводле прынцыпу парытэту. У дадзеным выпадку расейскі бок парытэт парушыў, — кажуць у "Беліндзяржстраху".

(Супрацоўніца: ) "Для нас страхаваньне легкавіка на тэрыторыі Расеі — 200 даляраў за год, для іх, паводле сёньняшняга курсу, — 65 даляраў".

(Карэспандэнт: ) "А якую страхоўку аплочваюць замежныя аўтааматары, якія едуць у Беларусь з Заходняй Эўропы?"

(Супрацоўніца: ) "Беларускія тарыфы, якія дзейнічаюць для нерэзыдэнтаў на тэрыторыі Беларусі, нашмат меншыя. Адзін год для легкавіка — 53 эўра; мінімальны тэрмін, 15 дзён, — 5 эўра".

У сваю чаргу і звычайныя людзі, і дробныя прадпрымальнікі, якія езьдзяць у памежныя расейскія рэгіёны на закупы ці па тавар, таксама абураюцца.

(Прадпрымальнік: ) "Па сутнасьці, гэта азначае наступнае: хто езьдзіў сабе па харчаваньне, прыкладам, у Смаленск, ужо наўрад ці туды паедзе. Які сэнс? Ну, будуць езьдзіць, карыстаючыся паслугамі транспартных арганізацый. У сваю чаргу, арганізацыям давядзецца набываць гадавыя страхоўкі. Натуральна, усё гэта адаб'ецца на кошце квіткоў. Так, шмат хто езьдзіў, затаварваўся ў той жа Смаленск, прадуктаў купіць — бо ўсё там таньней. Зараз – усё!"

Новыя расейскія страхавыя тарыфы значна большыя, чым у іншых суседніх зь Беларусьсю краінаў. Так, двухтыднёвая страхоўка ва Ўкраіне каштуе 5 даляраў, у Польшчы — 8, у Літве — 16, у Латвіі — 17.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG