Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА СУМНЯЕЦЦА Ў ІСНАВАНЬНІ БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРЫ

Валянціна Аксак, Менск

З амаль пяцігадзіннае сустрэчы прэзідэнта з творчаю інтэлігенцыяй тэме беларускай літаратуры было прысьвечана найболей часу – блізу гадзіны. Пачалася яна з праблемы Дому літаратара і пісьменьніцкага Дому творчасьці “Іслач”. Рэч у тым, што за колькі тыдняў да плянаванае сустрэчы ў сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў прыйшоў супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта – распытаць пра тое, якія просьбы ды пажаданьні маюць літаратары да кіраўніка краіны. Пісьменьнікі найперш нагадалі пра забраны ўладаю шэсьць гадоў таму Дом літаратара. Аляксандр Лукашэнка падчас учорашняй сустрэчы адрэагаваў на просьбу пытаньнем: “А ці ёсьць яна наагул, беларуская літаратура?”

Вядомая паэтка, ляўрэат дзяржаўнае прэміі, галоўная рэдактарка часопісу “Маладосць” Раіса Баравікова выступіла на сустрэчы ў абарону белаларускае літаратуры. А вось што яна адказала на маё пытаньне, як успрыняла прэзыдэнцкі нігілізм, датычны і яе асабіста:

(Баравікова: ) “Я лічу, што была такая вельмі канструктыўная сустрэча. Усё, што я хацела сказаць у абарону літаратуры, усё сказала так, як я лічу і гэта бачу. І выключна ўсе са мною пагадзіліся. І з той высновы, з таго, чым закончылася сустрэча, я мяркую, што і наш прэзыдэнт са мною пагадзіўся”.

(Карэспандэнтка: ) “І Вы думаеце, што будуць прынятыя нейкія канкрэтныя захады для зьмяненьня сытуацыі?”

(Баравікова: ) “Я ўпэўненая. Я ўпэўненая, таму што пагадзіліся і многія дэпутаты, зь якімі я гаварыла, і творцы ўсе нашыя, і прэзыдэнт”.

У нігілізме грамадзтва, улучна з прэзыдэнцкім, у дачыненьні да сучаснае беларускае літаратуры, – лічыць спадарыня Баравікова, – вінаватыя складальнікі школьных праграмаў, згодна зь якімі моладзь вывучае творы, напісаныя 50-80 гадоў таму і не цікавыя сучаснаму чалавеку. А яшчэ, кажа яна, сучасных творцаў чытачы ня ведаюць таму, што на выдаткаваныя на падпіску беларускае пэрыёдыкі дзяржаўныя грошы бібліятэкі выпісваюць не айчынныя літаратурныя часопісы, а забаўляльную прадукцыю расейскага паліграфічнага бізнэсу, кшталту “Крестьянки”, “Лизы” і да таго падобных камэрцыйных расейскіх выданьняў. На думку Раісы Баравіковай, такая сытуацыя будзе пазытыўна зьмененая пасьля сустрэчы.

Па словах жа некаторых іншых прысутных на сустрэчы з прэзыдэнтам, сытуацыя зь беларускаю літаратураю і моваю ў краіне і надалей застанецца нязьменнай, таму што прэзыдэнт заклікаў іх гаварыць “нашым савецкім языком”.

На просьбу ж вярнуць беларускім творцам Дом літаратара ён адказаў, што маўляў, вернем, а там Гілевіч, Бураўкін, Вярцінскі ды іншыя зноў будуць антыдзяржаўныя справы ладзіць. Таму вяртаць пісьменьнікам іхную маёмасьць улада не зьбіраецца.
XS
SM
MD
LG