Толькі за мінулы тыдзень беларускія мытнікі затрымалі 18 адзінак транспартных сродкаў: іхны лёс будуць вырашаць суды, але практыка ўжо засьведчыла, што ў бальшыні выпадкаў аўто канфіскуюцца на карысьць дзяржавы. Людзі, якія пацярпелі ад такіх выракаў, цьвердзяць, што дзяржаўныя ўстановы, мытні і суды інтарэс выяўляюць найперш да дарагіх іншамарак.
Лібанец Джамаль, які мае від на жыхарства ў Беларусі, некалькі апошніх гадоў працуе на поўначы Нарвэгіі. Два-тры разы на год прыяжджае ў Маладэчна да сваіх дзяцей і жонкі-беларускі Натальлі. Сёлета ў верасьні ён прыехаў у Беларусь на "Мэрсэдэсе", які набыў за 30 тысячаў даляраў у крэдыт. Жонка Натальля кажа, што вельмі хацеў парадаваць дарагім аўтамабілем найперш дзяцей. Аднак калі празь месяц вяртаўся назад, на мяжы высьветлілася непрыемная акалічнасьць: на дзень пратэрмінаваная дэклярацыя на ўвоз машыны.
(Натальля: ) "Пратэрміноўка — адзін дзень. Чаму такія пытаньні не вырашаюцца на месцы? Можна ж штраф спагнаць... Не — паслалі вырашаць пытаньне ў Маладэчна. У рэгіянальнай мытні паглядзелі паперы і кажуць: зрабіце пераклад дакумэнтаў на машыну з нарвэскай мовы. У Маладэчне перакладчыка не знайшлі, у Менску таксама... "Футболілі" болей як месяц. Урэшце ў цэнтральнай мытні сказалі: стаў машыну на стаянку ў Ждановічах. Інспэктар склаў пратакол аб парушэньнях, забралі дакумэнты і ключы, што мяне вельмі зьдзівіла — на якой падставе? Значыць, загадзя мелася на ўвазе, што машыну сканфіскуюць. Пры гэтым супакойвалі: нічога страшнага, будзе толькі штраф... Каб ведалі, нанялі б адваката".
Натальля кажа, што паўсюль ейны муж адчуваў над сабою зьдзек: ён ня вельмі добра гаворыць па-расейску, а ангельскай, у сваю чаргу, не валодаюць чыноўнікі. Таму ў судзе адно толькі канстатавалі факты і вынесьлі вырак.
(Натальля: ) "Вырак суду: штраф у эквіваленце 800 даляраў і канфіскацыя аўтамабіля. Падавалі скаргу, але там матывуюць рашэньне так: мой муж не зьвярнуўся, каб працягнуць дэклярацыю. Даведка пра тое, што ў яго гэтымі днямі было абвастрэньне радыкуліту, не дапамагла: маўляў, трэба было даць тэлеграму... Ніяк ня хочуць прыняць да ўвагі, што так абставіны склаліся, і што практычна па іхнай віне мы каталіся туды-сюды. Але ў іх канфіскацыя — і ўсё".
Працэдура разьвітаньня з машынай аднолькавая ва ўсіх выпадках. Сёньня машыну пакідаюць на штрафпляцоўцы, а ўжо назаўтра ейны лёс невядомы — кажа Натальля.
(Натальля: ) "Мы машыну пакінулі на пляцоўцы ў Ждановічах; відавочна, яе адтуль ужо перагналі дзеля рэалізацыі. Я зьбіраюся зьвярнуцца ў Вярхоўны суд, але ведаю, што там былі ўжо падобныя справы, і мне распавялі, што судзьдзі загадзя скіраваныя толькі на канфіскацыю. І трэба ісьці, але спадзяваньняў няма, бо гэта судзьдзі, а на іх і суду няма".
Факты, калі рашэньнем судоў гаспадару ўдавалася вярнуць сканфіскаваную машыну, адзінкавыя. Статыстыка сьведчыць, што ў бальшыні выпадкаў дарагімі машынамі, якія потым у вузкім коле рэалізуюцца за сымбалічныя кошты, карыстаюцца самі ж супрацоўнікі дзяржаўных органаў. Натальля кажа, што ня зьдзівіцца, калі аднойчы пазнае свой "Мэрсэдэс", за рулём якога будзе сядзець нейкі чыноўнік.
Тым часам, ейны пацярпелы муж самалётам адляцеў у Нарвэгію — адпрацоўваць 30 тысячаў даляраў, якія ў яго забрала ягоная новая "малая радзіма" — Беларусь.