Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

РС/РСЭ

18 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Сава. Паколькі назаўтра сьвяткавалі Міколу, дык Саву называлі Міколавым бацькам. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, пра гэтую тройцу сьвятых гаварылі: Барбара мосьціць, Саўка цьвікі вострыць, а Мікола прыбівае, – маючы на ўвазе паступовае нарастаньне маразоў.

Гістарычныя падзеі.

18 сьнежня расейскія ўлады арыштавалі Антона Барэйшу, беларускага нарадавольца, паплечніка Ігната Грынявіцкага. Барэйша быў з хутару Любопаль на Піншчыне і з царазабойцам Грынявіцкім пазнаёміўся падчас вучобы ў Беластоцкай рэальнай вучэльні. Пасьля была вучоба ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце і праца ў друкарні газэты “Народная воля”, дзе Барэйшу і арыштавалі. Спачатку яго зьняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, а пасьля выслалі ў Сібір, адкуль ён ужо не вярнуўся.

18 сьнежня 1882 году ў Беларусі пачалі працаваць першыя тэлефонныя лініі. Прычым адбылося гэта ў Гомелі, ва ўладаньнях князя Паскевіча. Тэлефоны зьвязвалі ягоны палац зь ягонымі фабрыкамі ды фальваркамі.

18 сьнежня 1917 году ў Менскім гарадзкім тэатры (цяпер гэта тэатар імя Янкі Купалы) пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд. Там былі дэлегаты ад усіх мясцовасьцяў Беларусі, ад палітычных, вайсковых і бежанскіх арганізацыяў – усяго 1872 чалавекі. Дыскутавалі пра будучыню краіны, якой яна стане – ці ў складзе Расеі, ці з правамі аўтаноміі, ці зусім незалежная. Урэшце зьезд схіліўся да незалежнасьці. Тады бальшавіцкія вайсковыя ўлады, што пільна сачылі за форумам, прымаюць рашэньне разагнаць яго. Што і зрабілі. Тым ня менш, Усебеларускі зьезд пасьпеў абраць свой Выканаўчы камітэт, які абвясьціў сябе законнай, абранай народам уладай і прывёў да стварэньня 25 сакавіка наступнага, 1918 году незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сёньня спаўняецца 30 гадоў ад пачатку першага палёту ў космас Пятра Клімука, ураджэнца вёскі Камароўка Берасьцейскага раёну.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 18 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага асьветніка Шарля Мантэск’е, беларускага гісторыка, дасьледніка архіваў Мікалая Маліноўскага, ангельскага фізыка Джозэфа Томпсана, які адкрыў электрон і стаў Нобэлеўскім ляўрэатам, аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фэрдынанда, з забойства якога пачалася першая сусьветная вайна, і беларускага археоляга Эдуарда Загарульскага, якому сёньня споўнілася 75 гадоў.
XS
SM
MD
LG