Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НА НАЙВЫШЭЙШЫМ ДЗЯРЖАЎНЫМ УЗРОЎНІ БЫЛІ ЗРОБЛЕНЫЯ АКТЫЎНЫЯ КРОКІ, КАБ СХАВАЦЬ САПРАЎДНУЮ ПАДАПЛЁКУ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ”

Юры Сьвірко, Менск

У сваёй справаздачы Хрыстас Пургурыдэс зазначае, што, як ён тлумачыў сваім суразмоўцам у Менску, ягонай місіяй не было праводзіць самастойна паўнавартаснае крымінальнае расьсьледаваньне вядомых зьнікненьняў з мэтай вызначыць адказных. “Мэтай майго візыту было толькі вывучыць цалкам аб’ектыўным шляхам, ці праводзілася належнае расьследаваньне зьнікненьняў кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі”, – напісаў спадар Пургурыдэс. Сваёй справаздачай ён падае папярэдні адказ на гэтае пытаньне – не, не праводзілася. “Наадварот, размовы, якія я правёў у Менску ў зьвязку з паказаньнямі спадара Алкаева перад адмысловым падкамітэтам і дакумэнтамі альбо копіямі, якімі я валодаю, прымусілі мяне лічыць, што на найвышэйшым дзяржаўным узроўні былі зробленыя актыўныя крокі, каб схаваць сапраўдную падаплёку зьнікненьняў, і падазраваць, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні”, – зазначае Хрыстас Пургурыдэс. Ён піша, што ягоныя папярэднія высновы базуюцца на інфармацыі, зьвязанай з васьмю пунктамі: выдачай расстрэльнага пісталету СІЗА № 1 у дні зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара й Красоўскага, пісьмовымі заявамі і рэчавымі доказамі што да месца выкраданьня Ганчара й Красоўскага, абвінавачаньнем, якое 21 лістапада 2000 году ад рукі напісаў генэрал Лапацік, арыштам і хуткім вызваленьнем палкоўніка Паўлічэнкі ў лістападзе таго ж году, паведамденьнем пра ліст былога генпракурора Бажэлкі расейскаму калегу з просьбай пра спэцыялізаванае абсталяваньне, расповедам Васіля Лявонава пра гісторыю Бажэлкі, кадравымі зьменамі на найвышэйшым узроўні сілавых структураў у лістападзе 2000 году й сакрэтным судом над “бандай Ігнатовіча”.

Уся гэтая інфармацыя вядомая чытачам і слухачам недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Адзначу толькі тры новыя моманты. Па-першае, Хрыстас Пургурыдэс зьвяртае асаблівую ўвагу на запіску генэрала Лапаціка, якую ўлады Беларусі называлі фальшыўкай. Цытую справаздачу: “Толькі пасьля таго, як я ўказаў на мажлівасьць правядзеньня графалягічнае экспэртызы, нават на базе фотакопіі, якой мы валодалі, сапраўднасьць запіскі была прызнаная: падчас майго візыту ў Менск як міністар унутраных справаў Навумаў, адрасат запіскі Лапаціка, гэтак і генэральны пракурор Шэйман пацьвердзілі, на маё вялікае зьдзіўленьне, што напісаная ад рукі спрэчная запіска была сапраўды напісаная генэралам Лапацікам і завізаваная міністрам Навумавым”.

Па-другое, спадар Пургурыдэс піша, што быў засмучаны гэткім бясспрэчным фактам: палкоўнік Паўлічэнка, якога былы шэф МУС Сівакоў апісаў вельмі цёплымі словамі як надзейнага кар’ернага афіцэра, быў арыштаваны паводле загаду кіраўніка КГБ і генэральнага пракурора як падазраваны “арганізатар і кіраўнік крымінальнай структуры, датычнай да выкраданьня і фізычнага зьнішчэньня людзей”.

Па-трэцяе, аўтар справаздачы зазначае, што генпракурор Шэйман у лісьце дэпутату палаты прадстаўнікоў Фралову схлусіў наконт абставінаў арышту Паўлічэнкі, і робіць выснову: “Той факт, што генэральны пракурор напісаў парлямэнтару й даў ілжывую інфармацыю, ёсьць яшчэ адным ясным сьведчаньнем хаваньня”.

Хрыстас Пургурыдэс прапаноўвае Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы наступныя варыянты дзеяньняў:

“– патрабаваць, каб незалежнае расьсьледаваньне было распачатае кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі, пасьля адстаўкі цяперашняга генэральнага пракурора, якога абвінавачваюць у тым, што ён сам арганізаваў зьнікненьні на сваёй папярэдняй пасадзе,

– патрабаваць, каб беларускімі ўладамі было распачатае крымінальнае расьсьледаваньне з мэтай высьветьліць: мажлівую датычнасьць да зьнікненьняў цяперашняга генэральнага пракурора, цяперашняга міністра спорту (былога міністра ўнутраных справаў) і высокапастаўленага афіцэра спэцыяльных сілаў, мажлівае злачынства перашкоджаньня ажыцьцяўленьню правасудзьдзя, учыненае некаторымі іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, якія мелі дачыненьне да расьследаваньня, праведзенага дагэтуль, і якія фальшавалі, прыхоўвалі або прыціскалі сьведчаньні ў іхным распараджэньні дзеля таго, каб абараніць сапраўдных злачынцаў,

– заклікаць парлямэнт Беларусі зрабіць неабходныя дзеяньні што да выканаўчай улады з мэтай ажыцьцяўленьня правасудзьдзя, у тым ліку патрабаваць адстаўкі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў дзеля таго, каб зрабіць магчымым сапраўды незалежнае расьсьледаваньне, і стварыць парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня з адпаведнымі рэсурсамі для гэтага,

– заклікаць дзяржавы-сябры Рады Эўропы ды ўвогуле міжнародную супольнасьць ажыцьцявіць максымум палітычнага ціску на цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку праз санкцыі, да таго часу, пакуль ня будзе праведзенае вартае даверу незалежнае расьсьледаваньне мажлівай датычнасьці высокапастаўленых чыноўнікаў да зьнікненьняў або да іх хаваньня,

– запрасіць суды тых краін, чые законы прадугледжваюць міжнародную юрысдыкцыю іх нацыянальных судоў для справаў сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, распачаць працэдуры супраць некаторых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў за мажлівае забойства паводле палітычных прычын аднаго ці большай колькасьці людзей зь ліку 4 зьніклых асобаў”.

Яшчэ раз варта нагадаць: Хрыстас Пургурыдэс мае на ўвазе зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.
XS
SM
MD
LG