Сёньня апоўдні лідэры партыяў, што ўваходзяць у “Народную кааліцыю 5+”, узялі ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі, дзе патлумачылі прысутным журналістам галоўныя задачы, якія ставіць перад сабой іхнае аб’яднаньне – у прыватнасьці, супрацьстаяньне магчымым захадам кіраўніка Беларусі ў справе падаўжэньня ягоных уладных паўнамоцтваў на трэці тэрмін.
Паводле апазыцыйных беларускіх палітыкаў, яны зацікаўленыя, каб Польшча як сусед Беларусі, які ўжо зьяўляецца сябрам НАТА, а ў хуткім часе далучыцца і да Эўразьваязу, заяўляла ў гэтых структурах пра тое, што беларусы таксама хочуць далучыцца да агульнаэўрапейскай супольнасьці. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Мы гаворым пра тое, каб Польшча займала актыўную пазыцыю ў палітыцы Эўразьвязу што да Беларусі. Мы хочам разглядаць Польшчу і Літву як той лякаматыў, які будзе садзейнічаць інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз. Мы абяркоўвалі таксама неабходнасьць як мага большай колькасьці праграмаў, празь якія маладыя беларусы, навукоўцы, маглі б выяжджаць у замежжа, у тым ліку і Польшчу. Мы зацікаўленыя ў адмысловых праграмах кантактаў для беларускіх чыноўнікаў сярэдняга і нізкага ўзроўню, каб яны таксама езьдзілі за мяжу і бачылі, што ёсьць альтэрнатыва таму, што адбываецца ў Беларусі”.
У сваю чаргу лідэр БНФ Вінцук Вячорка падкрэсьліў, што беларуская апазыцыя цэніць пасьлядоўную пазыцыю Варшавы, якая на міжнароднай арэне падкрэсьлівае, што працэс эўрапейскай інтэграцыі не павінен абмінаць Беларусь. Таму, паводле сябраў кааліцыі, вельмі важна, каб палякі добра арыентаваліся ў беларускіх рэаліях. Гаворыць Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “Мы хацелі б, каб у Польшчы разумелі, якая сытуацыя ў Беларусі. Афіцыйны Менск прадстаўле сваё бачаньне гэтай сытуацы, мы – сваё. Мы хочам, каб польскія ўлады самі вырашылі, як ставіцца да Беларусі”.
У другой палове дня лідэры беларускай апазыцыі сустрэліся зь міністрам замежных справаў Польшчы Ўладзімерам Цімашэвічам. Кіраўнік польскага МЗС не аднойчы заяўляў, што Варшава гатовая быць у пэўным сэнсе прадстаўніком беларускіх інтарэсаў у Эўропе.
(Цімашэвіч: ) “Польшча прытрымліваецца пазыцыі, што па пашырэньні, якое адбудзецца ў наступным годзе, Эўрапейскі Зьвяз павінен быць падрыхтаваны да размоваў з новымі кандыдатамі. На сёньняшні дзень Беларусь не гатовая да далучэньня да аб’яднанай Эўропы, але і Эўропа не гатовая яе прыняць. Мы ўвесь час пераконваем нашых эўрапейскіх партнэраў, што гэта памылка, што да Беларусі трэба ставіцца па-іншаму. Сапраўды, Польшча, калі толькі гэтага не адкіне сама Беларусь, будзе пасьлядоўна дапамагаць ёй на шляху да эўрапейскай супольнасьці”.
Прадстаўнікі “Народнай кааліцыі 5+” прыехалі ў Польшчу на запрашэньне дзяржаўнай арганізацыі – Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў. Заўтра беларускія апазыцыйныя палітыкі сустрэнуцца з прадстаўнікамі адміністрацыяў прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Польшчы, а таксама віцэ-сьпікерам польскага Сэйму.