Прапанову ініцыяваць імпічмэнт прэзыдэнту Літвы Раландасу Паксасу падпісалі 86 парлямэнтароў. Дзеля такой прапановы дастаткова 36 подпісаў. Цяпер у парлямэнце Літвы 137 дэпутатаў. Сабраўшы 86 подпісаў дзеля прапановы імпічмэнту, ініцыятары хацелі прадэманстраваць, што Сойму хопіць палітычнай сілы дзеля адстаўкі прэзыдэнта. Дзеля імпічмэнту патрэбныя ня меней за 85 галасоў.
Апошнім прапанову адносна імпічмэнту падпісаў сьпікер Сойму Літвы Артурас Паўласкас. Ён, а таксама і прэм’ер-міністар Альгірдас Бразаўскас, ужо зьвярталіся да прэзыдэнта з прапановай пайсьці у адстаўку і не чакаць працэдуры імпічмэнту. Прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас працягвае заяўляць, што ў адстаўку ня пойдзе. Гэта сёньня раніцай паўтарыла і яго новы прэсавы прадстаўнік Юраце Овэрлінгене.
Цягам апошняга месяца Раландас Паксас часта выяжджае на сустрэчы у літоўскую правінцыю, пераважна у рэгіёны, дзе ён карыстаецца падтрымкай (найперш у родную яму Жэмайцію).
Учора прэзыдэнт Літвы наведваў мястэчка Кальварыю на літоўска-польскім памежжы. Паксас тлумачыў, што, магчыма, яго каманда і зрабіла якія памылкі, але ён ня ў чым не парушаў законы і прысягу. На сустрэу зь ім сабраліся каля тысячы яго прыхільнікаў, якія прапанавалі прэзыдэнту распусьціць парлямэнт, тым болей што прыклады такога вырашэньня праблемаў ёсьць – у Беларусі. Прэзыдэнт Літвы на гэта заявіў, што Канстытуцыя не дае яму такога права, але, паводле яго словаў, яму гэта і не патрэбна, бо налета будуць выбары у Сойм і народ сам зможа абраць такі парлямэнт, які хоча.
У цяперашнім парлямэнце скандал разнастаяць і розныя жарты – сёньня раніцай парлямэнтары ў сваіх скрынях разам з рознымі дакумэнтамі адносна імпічмэнту знайшлі падарунак – туалетную паперу “Элітную адмысловую” – “адмысловае выданьне – бярыце мяне і чытайце”. На абгортцы – малюнак белага гуся на сьнезе. Фон – першая старонка высноваў парлямэнцкай камісіі, якая дасьледавала скандал, адрасы і тэлефоны сябраў гэтай камісіі. Гэта – згадка пра ранейшы скандал у сувязі зь сяброўствам прэзыдэнта з грузінкай-экстрасэнсам, якая лекавала туалетнай паперай, а разам з тым – пародыя на адмысловае пра-прэзыдэнцкае выданьне “Абаронім дэмакратыю”, якое кідалі нядаўна ўсім жыхарам у паштовыя скрыні.
Аналітыкі цьвердзяць, што скандал з прэзыдэнтурай падзяліў Літву на два лягеры. Працэдура імпічмэнту можа заняць некалькі месяцаў. Палітыкі адзначаюць, што скандал шкодзіць міжнароднаму іміджу Літвы і можа стацца першкодай у паўнавартасным сяброўстве Літвы ў НАТО.
Літоўскія палітыкі занепакоеныя, што пачынаецца ізаляцыя Літвы – прэзыдэнт Італіі адмяніў заплянаваны візіт у Літву, а раней быў адкладзены візыт прэзыдэнта Літвы ў ЗША. За ўвесь час прэзыдэнцтва Раландаса Паксаса ня адбылося ніводнай міжнароднай сустрэчы на прэзыдэнцкім узроўні.