Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО Ў 2004 ГОДЗЕ БУДЗЕ БОЛЕЙ АРЫШТАЎ ЛІДЭРАЎ ТЭРАРЫСТЫЧНЫХ ГРУПОВАК, АЛЕ І БОЛЕЙ ТЭРАКТАЎ

Кастусь Бандарук, Прага

Хаця лідэр Аль-Кайды Усама бін Ладэн застаецца на волі, сілы бясьпекі Пакістану арыштавалі Халіда Шэйха Мухамада, які лічыцца адным з арганізатараў тэрактаў супраць ЗША 11 верасьня. Цяпер ён утрымліваецца ў ЗША, аднак невядома, у якім месцы. Дырэктар Цэнтру дасьледаваньня тэрарызму з Унівэрсытэту Сьвятога Андрэя ў Шатляндыі лічыць, што арышт Мухамада аслабіць здольнасьць Аль-Кайды праводзіць такія буйнамаштабныя апэрацыі: “Я думаю, гэта вельмі важнае для агульнай сытуацыі. Уявіце сабе: кіраўнік ваеннага камітэту, мозг шэрагу складаных, вялікіх апэрацыяў. Калі нэўтралізаваць яго, несумненна, гэта моцна паўплывае на здольнасьць усёй Аль-Кайды праводзіць буйныя апэрацыі”.

Мяркуецца, што Мухамад браў удзел ў замахах на амэрыканскія амбасады ў Кеніі і Танзаніі ў 1998 годзе, а таксама ў атацы на амэрыканскі авіяносец ў Емэне ў 2000 годзе. Праўдападобна, ён адыграў пэўную ролю ў забойстве на тэрыторыі Пакістану ў пачатку мінулага году амэрыканскага журналіста Дэйвіда Пэрла.

У жніўні сёлета ў Тайляндзе быў затрыманы лідэр тэрарыстычнай групоўкі Джымаах Ісламія – Рыдуан Ісамудзін, які карыстаецца мянушкай “Гамбалі”. Мяркуецца, што гэта ён арганізаваў тэракт на Балі, у выніку якога загінулі 2000 чалавек. Вось што сказаў пасьля арышту Гамбалі прэзыдэнт ЗША Джордж Буш:

(Буш: ) “Гамбалі быў адным з найбольш небясьпечных ва ўсім сьвеце тэрарыстаў. Праўдападобна, ён плянаваў буйныя тэрарыстычныя апэрацыі, улучна з тым, што адбылося на Балі, у Інданэзіі і ў іншых месцах”.

Аднак гэтыя арышты былі азмрочаныя новымі тэрактамі ў Савудаўскай Арабіі, Інданэзіі, Марока і ў Турцыі. Хаця яны ня мелі таго маштабу, што атакі 11 верасьня, аднак паказалі, што Аль-Кайда ды іншыя групоўкі ўсё яшчэ небясьпечныя. Сёлета аб’ектамі атакаў сталі мусульмане, і ў асноўным яны былі ахвярамі тэрактаў. У выніку замахаў у Савудаўскай Арабіі ў траўні і ў лістападзе загінулі 52 чалавекі, пераважна арабы з суседніх краінаў. У лістападзе ў выніку двух выбухаў ў Істамбуле загінулі 62 чалавекі, гэтым разам і эўрапейцы, у тым ліку брытанскі консул. Пасьля атакі міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэк Стро сказаў:

(Стро: ) “Тое, што здарылася сёньня раніцай ў Стамбуле – гэта відавочна тэракт. Мы яшчэ ня ведаем ўсіх падрабязнасьцяў, але так, ці інакш, адбылося як мінімум 5 каардынаваных выбухаў, ля сядзібы банку і каля будынку генеральнага консульства”.

Пасьля гэтага ў атаках на дзьве сынагогі ў Істамбуле загінулі таксама выпадковыя мінакі – не-габрэі. Некаторыя экспэрты лічаць, што посьпехі ў барацьбе з тэрарызмам прымусілі арганізатараў замахаў арганізаваць атакі на розныя аб’екты без аглядкі на магчымасьць ахвяраў сярод мусульманаў. Іншыя лічаць, што гэта мэнанакіраванае дзеяньне, разьлічанае на тое, каб выклікаць страх сярод шараговага насельніцтва і ўзмоцніць ціск на мясцовыя празаходнія ўрады. Савудаўскі амбасадар ў Вялікабрытаніі прынц Туркі аль-Файсаль адзначыў, што ў выніку ўрадавай апэрацыі супраць тэрарыстаў яны дзейнічаюць больш адчайна і выбіраюць для атакаў больш выгадныя для іх аб’екты:

(аль-Файсаль: ) “Я думаю, гэты вынік іхнай рашучасьці. Яны адчуваюць, што знаходзяцца пад пагрозай, што ўлады вядуць за імі інтэнсіўнае паляваньне. І яны хочуць паказаць, што могуць пасьпяхова дзейнічаць і надалей, незважаючы на арышты і канфіскацыю зброі цягам апошніх 6 месяцаў. Гэта людзі поўныя рашучасьці, і яны будуць атакаваць усё, што толькі змогуць”.

Станоўчай сёлетняй падзеяй было поўнае далучэньне ўраду Савудаўскай Арабіі да вайны з тэрарызмам. ЗША крытыкавалі Рыяд за тое, што ўладам не ўдаецца расправіцца з тэрарыстамі і што яны нават ўскосна фінансуюць дзейнасьць розных груповак. Дарэчы, 15 з 19 удзельнікаў атакаў 11 верасьня былі грамадзянамі Савудаўскай Арабіі. У лістападзе кіраўнік лёнданскага Інстытуту Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі Дэніэл Ніп заявіў, што менавіта сёлетнія замахі схілілі ўлады ў Рыядзе больш упэўнена выступіць супраць тэрарыстаў:

(Ніп: ) “У Вашынгтоне мы маем справу з хваляй крытыкі на адрас Савудаўскай Арабіі, што тая недастаткова актыўна праводзіць антытэрарыстычную кампанію. Зразумела, цягам апошніх месяцаў быў дасягнуты значны прагрэс, аб чым сьведчаць арышты ў Рыядзе, Джэдах ды іншых месцах”.

Нядаўна савудаўская газэта зрабіла небывалы крок: яна апублікавала прозьвішчы 26 найболей небясьпечных тэрарыстаў, улучна з прадстаўніком Аль-Кайды ў краіне, і прызначыла значную ўзнагароду за дапамогу ў іх затрыманьні.

Што тычыцца вайны ў Іраку, дык ейны ўплыў на вынік барацьбы з тэрарызмам яшчэ не вядомы. Дарэчы, першапачаткова ЗША апраўдвалі вайну супраць Багдаду тым, што рэжым Садама Хусэйна дзейнічае ў змове зь міжнародным тэрарызмам. Парадаксальна, вайна ў Іраку можа прывесьці да таго, што на тэрыторыі Іраку сапраўды будзе адбывацца асноўнае сутыкненьне з тэрарызмам, паколькі кааліцыйныя сілы сталі аб’ектам атакаў з боку розных груповак, у тым ліку зьвязаных з Аль-Кайдай. Амэрыканскія палітыкі лічаць, што посьпех ў барацьбе з супрацівам з боку розных сілаў у Іраку і дэмакратызацыя краіны дапамогуць у глябальнай барацьбе з тэрарызмам. Яны спадзяюцца, што паступова антыамэрыканская рыторыка будзе ўсё меней папулярная сярод маладых мусульманаў, і іракцы павераць ў добрыя намеры амэрыканцаў. Іншыя палітыкі кажуць, што прагрэс у Іраку падарве блізкаўсходні мірны працэс, паколькі арабы будуць перакананыя, што ЗША стаяць на баку Ізраілю.

У асноўным, экспэрты лічаць, што ў 2004 годзе будзе болей арыштаў лідэраў тэрарыстычных груповак, але і болей тэрактаў.
XS
SM
MD
LG