У адказе гаворыцца, што раней дэпутаты гарсавету вырашылі прыпыніць перайменаваньне вуліц, а новыя назвы надаваць толькі новым вуліцам. Прапановы жыхароў наконт увекавечаньня памяці Васіля Быкава гарвыканкам разглядаць ня стаў, адказ дэпутату Антусевічу напісаў асабіста намесьнік старшыні выканкаму Лявонаў. Сяргей Антусевіч лічыць гэты адказ фармальнай адпіскай.
(Антусевіч: ) “У гэтых прапановах гарадзенцаў было ня толькі перайменаваньне вуліцы Сьвярдлова ці бульвара Ленінскага камсамолу ў бульвар Васіля Быкава. Там былі таксама іншыя мерапрыемствы, напрыклад, пабудова помніка, музэю Васіля Быкава, літаратурныя чытаньні. На жаль, наконт гэтых прапановаў напісана толькі тое, што яны “будуць прынятыя да ўвагі”.
Сяргей Антусевіч гаворыць, што Валянцін Лявонаў спасылаецца на тое, што яшчэ ўлетку гарвыканкам прыняў рашэньне ўсталяваць у горадзе мэмарыяльную шыльду, прысьвечаную Васілю Быкаву. Маўляў, гэтага дастаткова. Але дэпутат накіраваў прапановы жыхароў таксама і ў гарадзкі савет.
(Антусевіч: ) “Сваё слова яшчэ не сказаў гарсавет. Таму я буду настойваць на тым, каб рашэньне было прынята — ці прэзыдыюмам, ці на сэсіі гарадзкога савету. Я лічу, што праграма па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава павінна быць адлюстраваная ў праграме “Спадчына”.
Народны пісьменьнік Васіль Быкаў пражыў у Горадні 24 гады.