Паколькі Сьвятлана Завадзкая дала падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва, яна адмовілася паведаміць, якія пытаньні задаваў ёй сьледчы Іван Бранчаль. Але заўважыла, што гэта былі пытаньні, на якія яна ўжо адказвала цягам папярэдніх допытаў. “У мяне склалася ўражаньне, што сьледчы пытаўся фармальна, што мае адказы ён добра ведае, больш за тое, ведае і тое, што невядома пра лёс мужа мне. Я зноў была расчараваная допытам. Дарэчы, сьледчы і не хаваў, што гэта часовае аднаўленьне расьсьледаваньня справы і хутка яго зноў прыпыняць”, — паведаміла Сьвятлана Завадзкая Радыё Свабода.
Зьміцер Завадзкі быў скрадзены ўлетку 2000 году. Ёсьць падставы меркаваць, што яго скралі тыя ж асобы, якія датычныя да зьнікненьняў вядомых апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Нядаўна Зьміцер Завадзкі быў прызнаны раённым судом Менску памерлым. Між тым, ягонае цела дагэтуль ня знойдзенае.