Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ

Алесь Горбач, Баранавічы

Паводле дзейнага заканадаўства, Віктара Івашкевіча павінны былі выпусьціць сёньня не пазьней за 15 гадзінаў — менавіта ў гэты час год таму ён прыбыў на месца адбываньня пакараньня. Сам спадар Івашкевіч кажа, што плянаваў выйсьці са спэцкамэндатуры дзесь па абедзе, каб прысуджаны яму тэрмін адбыць цалкам і ня мець перад дзяржавай ніякіх даўгоў. Аднак ягоныя пляны былі сарваныя. Вось як распавядае пра гэта сам Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Раніцай сёньня мяне выклікалі ў “дзяжурку” і сказалі, што ўсе дакумэнты падпісаныя, “валіце” адсюль. І ў 7.30 мяне выгналі адтуль. Я спачатку не разумеў, але пасьля адзін чалавек, пасьвечаны ў справы, сказаў мне, што ГАУС сказаў маім начальнікам: вы што, хочаце, каб там у дзьве гадзіны вам маніфэстацыю наладзілі, урачыстую сустрэчу з нагоды выхаду? Таму выганяйце, маўляў, пакуль цёмна, пакуль усе сьпяць”.

Такі нечаканы паварот падзеяў не паўплываў на настрой спадара Івашкевіча. У размове са мной ён не хаваў радасьці:

(Івашкевіч: ) “Свабода! Калі бразнулі за мной дзьверы з даведкай аб вызваленьні ў руках, я адчуў, што я чалавек вольны. Вельмі прыемныя, натуральна, уражаньні”.

(Карэспандэнт: ) “Баранавіцкая папраўчая ўстанова адкрытага тыпу ці вас “паправіла”? У які бок?”

(Івашкевіч: ) “У адным фільме савецкім вельмі добра было сказана: для чаго даецца турма чалавеку? Для таго, каб ён мог падумаць. Вось я цэлы год меў для таго, каб падумаць пра сваю дзейнасьць, пра дзейнасьць БНФ, апазыцыі ў цэлым. Шмат розных ідэяў у мяне зьявілася. І другое, што мяне вельмі рэзка ўразіла і дапамагло: я доўгі час быў начальнікам, і як начальнік “роў” на сваіх падначаленых. Вось я цяпер пабыў падначаленым, і мне шмат за якія моманты свайго кіраваньня стала сорамна”.

Сьвяткаваць свайго вызваленьня Віктар Івашкевіч доўга не зьбіраецца, кажа, што чакаюць справы. У хуткім часе ён плянуе ўключыцца ў актыўную працу ва ўправе БНФ “Адраджэньне”.

А сёньня, пасьля ўрачыстага разьвітаньня з баранавіцкімі аднадумцамі Віктар Івашкевіч разьвітаўся з Баранавічамі і ад’ехаў дадому ў Менск.
XS
SM
MD
LG