Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖАЗ З ВАРШАЎСКАГА ЗААПАРКУ

Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Госьці праграмы “Па-за тактам” сёньня вельмі незвычайныя. Па-першае, беларускія джазавыя выканаўцы прысутнічаюць у студыі Беларускай Свабоды ўпершыню. Па-другое, гэты калектыў можна называць сапраўдным рэкардзмэнам у беларускай музыцы, паколькі праца над чарговым альбомам працягвалася, як я падлічыў, амаль тры з паловай гады. І вось альбом выдадзены. Называецца ён “Варшаўскі заапарк”, і з нагоды яго выданьня я вітаю ў студыі лідэра групы, аўтара музыкі гэтага альбому бас-гітарыста Ігара Сацэвіча і ягонага даўняга сябра і калегу, выканаўцу на ўдарных Алеся Сапегу. Дзень добры, шаноўныя джазмэны! Гэта ўжо чацьверты альбом у вашай дыскаграфіі. Наколькі гэта сьведчыць аб наяўнасьці ў вас у Беларусі ўласнага слухача?”

(Ігар Сацэвіч: ) “Я адразу хацеў бы папрасіць прабачэньня: каб не размаўляць на дрэннай беларускай мове, буду казаць на расейскай. Безумоўна, такі слухач існуе. Можа быць, гэта й не такая шырокая катэгорыя, як хацелася б, аднак як і ў кожнай краіне, нейкі працэнт слухае гэтую музыку, і Беларусь не зьяўляецца выключэньнем”.

(Падбярэскі: ) “Першы варыянт альбому вы запісалі ў ліпені 2000 году. Потым на даволі працяглы час выехалі на працу ў Польшчу. Вярнуліся і... Чым жа вам не спадабаўся першы запіс?”

(Алесь Сапега: ) “Ён ня быў скончаны, там сапсаваліся магнітафоны. Не было магчымасьцяў далей запісваць гэты альбом, і таму мы зьвярнуліся да Андрэя Жукава. І вырашылі поўнасьцю яго перапісаць. Дзіўна гэтак запісваўся гэты альбом, таму што Андрэй Матлін браў удзел, а ён, як вядома, у Мэмфісе дзясяты год ужо жыве”.

(Сацэвіч: ) “Мы выслалі Інтэрнэтам Матліну мінус 1, акампанэмэнт. Ён з гэтым пайшоў у Мэмфісе ў студыю, там упершыню амэрыканскі гукарэжысэр сутыкнуўся з такой практыкай. Чалавек у слухаўках чуў тое, што мы запісалі тут, ён запісаў тры п’есы, тэмы і сола, і ўжо поштай выслаў запіс сюды. Тут падклалі ягоныя сола — і атрымалася, быццам мы разам працавалі ў студыі разам”.

(Падбярэскі: ) “Гэта гаворыць пра тое, што сучасныя тэхналёгіі вы, граючы сучасную музыку, выкарыстоўваеце…”

(Сапега: ) “Ёсьць нэгатыўны такі момант у сучасных тэхналёгіях, таму што ў гэты момант, калі ідуць музычныя працэсы, яны, калі расьцягваюцца на тры-чатыры гады, састараваюць. Гэта трохі нежыцьцёва атрымліваецца, старэюць і думкі, і гукі”.

(Падбярэскі: ) “Стылістыкай альбом у цэлым вытрыманы ў фанкавым настроі. Але ж, прабачце, аўдыторыя фанку гэткая ж даволі абмежаваная, што і джазу наагул. Няўжо вам ня хочацца зрабіць нешта больш папулярнае кшталту смус-джазу?”

(Сацэвіч: ) “Мне ніколі не падабалася такая музыка, мяне заўсёды неяк падванітоўвала ад гэтага слодычу ў ёй”.

(Сапега: ) “Крок зусім маленькі ад фанку да смус-джазу. Але крок гэты ёсьць такім памежжам, і таму мы такога кроку ня робім”.

(Падбярэскі: ) “Вашыя канцэрты ў Беларусі рэдкія, на жыцьцё даводзіцца зарабляць працай у рэстаранах ды казыно. Публіка ў іх зьмянілася за апошнія гады, паразумнела, падурнела — як?”

(Сацэвіч: ) “Прынамсі пачала сябе інакш паводзіць. Раней, гадоў дзесяць таму, страшна сказаць, якая публіка зьбіралася ў рэстарацыях. У спартовых касьцюмах, маглі шпурнуць у музыкаў бутэльку, шклянку. Гэта была звычайная зьява. З ножыкамі прыходзілі, зь пісталетамі. Цяпер выглядаюць яны інакш і паводзяць сябе інакш, ня ведаю, чым гэта тлумачыцца. Ня ведаю, ці зьмяніліся яны ўсярэдзіне, але зьнешне выглядаюць ужо ня так. І гэта — добра”.

(Сапега: ) “І зьявіліся гаспадары сапраўдныя, якія жадаюць, каб да іх прыходзілі людзі, і людзі багатыя, заможныя. Таму яны якую музыку прагнуць слухаць? Таксама багатую. А багатая якая музыка? А такая, якую мы і іграем. А іграем мы ў клюбах ды казыно звычайныя такія эвэргрыны, з 1920-х яшчэ пачынаючы гадоў”.

(Сацэвіч: ) “У прынцыпе, мы тую ж працу робім, што й раней, аднак няма таго адарваньня ўнутранага, і таму іграем з задавальненьнем, і таму, відаць, мы неяк таксама падняліся на іншы ўзровень”.

(Падбярэскі: ) “А што гэта быў за выпадак падчас вашай працы ў Польшчы, калі вы ігралі на прыёме з нагоды прыезду вядомага амэрыканскага саксафаніста Біла Клінтана?”

(Сапега: ) “То не саксафаніст быў Біл Клінтан, а ягоны аднафамілец. Гэта было ў гатэлі “Ян Сабескі”, ён там чытаў свае лекцыі па эканоміцы…”

(Падбярэскі: ) “Я прэзыдэнта маю на ўвазе!”

(Сапега: ) “Так, Біл Клінтан-прэзыдэнт. Ёсьць яшчэ і саксафаніст Клінтан!”

(Сацэвіч: ) “Мы хацелі, каб ён з намі сыграў на саксафоне, фотаапараты падрыхтавалі, каб зьняцца, але да гэтага не дайшло”.

(Сапега: ) “Мы ігралі ўжо пасьля канфэрэнцыі гэтай і думалі, што яго наагул не пабачым. Але… Калі ігралі трэцюю ці чацьвертую п’есу, ён з кухні выйшаў, стаў і так паказаў вялікі палец, засьмяяўся: “Гуд, гуд м’юзык!”. І пайшоў…”

(Падбярэскі: ) “Скажыце, калі здарыцца магчымасьць зьехаць на працу за мяжу, вы будзеце вагацца, у якім рэстаране лепш працаваць?”

(Сапега: ) “Толькі будзем вагацца адносна сумы грошай, якую дадуць”.

(Сацэвіч: ) “Не, Саня! Нам жа прапаноўвалі ў Амэрыку ехаць, працаваць у расейскай рэстарацыі. Не захацелася. Як можна іграць у прэстыжным рэстаране песьні Шуфуцінскага? А менавіта ж пра гэта гаворка. Нам ня хочацца іграць Шуфуцінскага. І сьпяваць блатныя песьні ня хочацца”.

(Сапега: ) “Калі гэта будзе запрашэньне з той праграмай, якую мы іграем, — паедзем!”

(Падбярэскі: ) “Апошняе пытаньне, зьвязанае з альбомам. Называецца ён, нагадаю, “Варшаўскі заапарк”, і сярод п’есаў, якія па назвах зьвязаныя з вашай працай у Польшчы, ёсьць, у прыватнасьці, “Жывец”. А нейкія прапановы паступалі, скажам, абраць гэтую мэлёдыю ў якасьці там фірмовай мэлёдыі гэтага гатунку піва?”

(Сацэвіч: ) “Не! Аднак час у іх яшчэ ёсьць”.

(Сапега: ) “Мы толькі перадалі пару дыскаў у Польшчу: на польскае джазавае радыё, у часопіс “Джаз-форум”. Маем такую надзею, што зьвернуцца да нас, прыгоняць сюды машыну піва. Ну я ня ведаю, хаця б так…”

(Падбярэскі: ) “Я зьвярнуў увагу на п’есу “Варшаўскі заапарк”. Па-мойму, яна сягае таго ўзроўню, як і вашая тытульная кампазыцыя “Яблычная гарбата”: прыгожая, лірычная такая тэма”.

(Сацэвіч: ) “І, напэўна, надзвычай сумная. Матлін спытаў мяне: слухай, што ж там з жывёламі вырабляюць у тым Варшаўскім заапарку? Ну гэтак сумна!..”

(Сапега: ) “А я магу патлумачыць, што мы недзе раз на месяц ці два разы езьдзілі ў гэты Варшаўскі заапарк, каб проста адпачыць, душой і сэрцам. І таму мэлёдыя гэтак… нясе трохі рэляксу”.

(Падбярэскі: ) “Калі чарговы альбом? Ідзе над ім праца, нягледзячы на вашыя амаль штодзённыя выступленьні?”

(Сацэвіч: ) “Мы ўжо будзем рабіць нешта інакш, каб гэта зноў не зацягнулася на тры-чатыры гады. Гэтых памылак паўтараць ня будзем”.

(Сапега: ) “Прыяжджалі з Баранавічаў нашыя сябры даўнія і запрашалі нас запісаць дыск. Ён будзе зроблены на іншым узроўні: мы пастараемся ўсё запісаць “жыўцом”.

(Падбярэскі: ) “У Баранавічах?!”

(Сапега: ) “У Баранавічах! Цяпер добрыя студыі знаходзяцца ў каго? У вернікаў, у царквах! Гэты альбом мы запісалі ў баптысцкай студыі, а запісаць наступны нам прапанавала каталіцкая царква ў Баранавічах”.

(Падбярэскі: ) “Тады гэта выдатная нагода разьвітацца з вамі на аптымістычнай ноце, пажадаць вам усялякіх посьпехаў і… Калі, дарэчы, магчыма чакаць вашага сольнага канцэрту тут?”

(Сапега: ) “28 студзеня. І яшчэ б мы хацелі перадаць прывітаньне ўсім слухачам Беларускай Свабоды, запрасіць іх на ўсе нашыя канцэрты. Гэта ж беларуская музыка, хлопцы!”
XS
SM
MD
LG