Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ТЭЛЕГЛЕДАЧЫ АДЗНАЧАЦЬ ПРЫХОД НОВАГА ГОДУ ДВОЙЧЫ


Ігар Карней, Менск

Нічога падобнага ў эфіры Беларускага тэлебачаньня яшчэ не было. Паводле задумы арганізатараў сьвяточнай праграмы, беларусы павінны будуць выпіць ня меней як два келіхі шампанскага “за Новы год, за новае шчасьце” — першы раз з расейцамі, а другі раз ужо са сваімі суайчыньнікамі. Вось так сёлета ў чароўную навагоднюю ноч беларусы апынуцца адначасна ў двух гадзінавых паясах. Упершыню 31 сьнежня з экранаў тэлепрымачоў будуць радасна ўсьміхацца і віншаваць беларусаў шматлікія расейцы — палітыкі, бізнэсоўцы, людзі навукі і мастацтва. Гэта плён сумесных фантазіяў і высілкаў беларускай амбасады ў Маскве і Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расеі”. Апошняя вядомая сваімі інтэграцыйнымі настроямі й складаецца ў асноўным з былых партыйных і савецкіх чыноўнікаў, якія, як рухнуў СССР, не захацелі вяртацца на радзіму і пазаставаліся ў Маскве.

Дзеля справядлівасьці, многія з запрошаных на тэлешоў сапраўды маюць беларускія карані, але толькі гэтымі даўнімі каранямі яны і зьвязаныя зь Беларусьсю. Да прыкладу, сьпявак Юры Антонаў, які колісь жыў і вучыўся ў Маладэчне. Нобэлеўскі ляўрэат Жарэс Алфёраў і кіраўнік нафтагазавай кампаніі “Ітэра” Ігар Макараў нарадзіліся ў Беларусі, але бываюць тут зусім рэдка. Разам зь імі пра вечную дружбу двух славянскіх народаў каля елкі будуць гаварыць расейцы, якія сэнсам свайго жыцьця апошнімі гадамі зрабілі пабудову гэтак званай саюзнай дзяржавы. Візытоўка савецкага песеннага жанру — Пахмутава з Дабранрававым, былыя — сьпікер расейскай Дзярждумы Генадзь Селязьнёў і кіраўнік Цэнтрабанку Расеі Віктар Герашчанка, якога цяпер можна лічыць палітыкам, паколькі ён актыўны ўдзельнік думскага блёку “Родина”.

Крыху новае імя ў інтэграцыйных працэсах — мастак Аляксандар Шылаў, якога два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Францішка Скарыны. На запіс тэлепраграмы ў Беларускай амбасадзе ў Маскве завітаў таксама патрыярх усяе Русі Алексі ІІ. Такім чынам, на экранах тэлевізараў зьявяцца людзі, якія цалкам падзяляюць высілкі беларускага кіраўніцтва ў арыентацыі на Расею і на аднаўленьне савецкай ідэалёгіі.

Але ў навагоднюю ноч людзі чакаюць на экранах ня столькі палітыкаў, а перадусім зорак эстрады. Акурат мінулай начы адбыўся запіс забаўляльнай часткі праграмы ў менскім начным клюбе “Гудвін” (шмат хто памятае яго як бар “7 пятніцаў”). Як расказаў адзін з удзельнікаў, усю ноч там скакалі 35 вядучых розных праграмаў БТ, якія, паводле сцэнару, імітавалі сьпеў расейскіх ды савецкіх шлягераў. А забаўлялі ўсіх беларускія “зоркі”, сьпевакі і акторы — Кірыл Слука, Ларыса Грыбалёва, Алена Ўнукава ды іншыя.

Адзін са спонсараў тэлепраекту — расейскі прадпрымальнік Мікалай Агурбаш. Дарэчы, Анжэліка Агурбаш, жонка бізнэсоўца, ні хто іншая як Ліка Ялінская, якая некалькі год таму зьехала зь Беларусі і фактычна зьнікла са сцэны. Аднак 31сьнежня Анжэліка дэбютуе ў якасьці тэлевядучай на БТ. Яе мы ўбачым у імправізаванай студыі ў беларускай амбасадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG