Пісаць вясёлае эсэ пра тое, як беларусы роднае мовы цураюцца — што каля зьнявечанай маці рагатаць. Зь якога боку ні глядзі — няма тут весялосьці. Але ж наракаць ды скардзіцца сэнсу таксама няма, бо колькі можна... Таму лепей запытайцеся мяне, скуль завялася ў нас гэткая прыкрая завядзёнка? І я вам умомант адкажу: беларусы на злом галавы бягуць не ад мовы, а ад таго лёсу, што наканаваны ім роднай мовай...
Пасля восьмай клясы бацькі выправілі мяне зь мястэчка ў няблізкі сьвет — вучыцца аж пад Маскву. Даволі хутка я вярнуўся да хаты без навукі, але з упэўненай расейскай гаворкай, на якой, не хаваючы форсу, гаманіў у мястэчку. Ах, зь якім захапленьнем і зайздрасьцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай радасьцю сьвяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маю расейшчыну... І толькі праз шмат год, неяк згадаўшы той выпадак, я зразумеў: нагодай для ўхвалы былі не мае здольнасьці да моваў, а спадзеў, што хлопец, які гэтак лёгка забываецца на роднае слова, будзе мець лепшую ад беларускай долю.
Між іншым, долю мы выбіраем самі, а лёс нам наканаваны мовай. Якая мова — такі і лёс. У адрозьненьне ад старабеларускай — мовы княскай канцылярыі, ужо тутэйшая беларуская доўгі час была мовай адно тых, хто жыў з мазаля. На ёй не размаўлялі ні сьвятары, ні гандляры, ні настаўнікі, ні паны — і нават падпанкі не на ёй размаўлялі... Тутэйшая мова была тым таўром, якое пазначала месца чалавеку побач з быдлам. І каб патрапіць у людзкі сьвет, трэба было перадусім вытравіць зь сябе гэтае таўро.
Мая маці ўжо ў маладосьці сталася знанай краўчыхай мястэчка. Але зусім не таму, што мела зграбныя пальцы і швейную машынку “Зынгер”. Паколькі ўсё мясцовае кіраўніцтва было з прысланых пасьля вайны расейцаў, то яна спрытна засвоіла іхную мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную і ўплывовую кліентуру. Карацей кажучы, кожны беларус здавён ведаў, што каб прыдбаць сабе хоць трохі лепшай долі, найперш трэба адрачыся ад тутэйшай гаворкі.
Але гэткае становішча, як пакажа час, было яшчэ ня самым горшым для мовы. Горшае яе чакала наперадзе, калі ў 20 стагодзьдзі кожны, хто залішне вытыркаўся на вочы з родным словам, патрапляў пад рэпрэсіі ўладаў. Вось тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам бядоты, сталася знакам бяды. Бяды сапраўднай, блізкай, сьмяротнай для ўсялякага, хто сваёй мовы не адцураўся. У лепшым выпадку змагароў за мову чакалі прыгнёт і нішчымніца, у горшым — эміграцыя, Сыбір ды Курапаты.
Многія дзівяцца, як гэта Пётра Машэраў, які добра такі прыклаўся да вынішчэньня беларушчыны, стаўся народным героем? А вось менавіта таму і стаўся, што загарадзіўшы нацыянальнае красамоўства ў пісьменьніцкім асяродку, ён насамрэч загнаў у рэзэрвацыю не беларускую мову, а адвечную беларускую бяду, якая на гэтай мове палягала. І калі Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзэрвацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады Старшыні Вярхоўнага Савету. Беларусы і розумам ведалі, і нутром адчувалі, што як толькі кіраўнік дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, то неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэсься.
З дарогі ў роднае мястэчка нябожчык бацька зазвычай сустракаў мяне словамі: “Беларус прыехаў”. Я на гэта трохі злаваўся і часам мне карцела запытацца: “А вы што, бацька, зь неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?” Але не пытаўся, паколькі разумеў — бацька мае рацыю. Бо азначэньне “беларус” у нас найперш адсылае да сьвядомага ўжытку роднай мовы і з гэтага да адметнага спосабу мысленьня і ладу жыцьця, а ўжо потым да нацыянальнай прыналежнасьці, якая сама зь сябе ні пра што ня кажа.
Размаўляць па-беларуску — гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласнае жаданьне быць для адных мэсіянэрам новай веры, для другіх варожым голасам, а для ўсіх астатніх — ат такім сабе блазнам.
Ва ўсім сьвеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш... Усялякі раз, калі на людзях мы гамонім па беларуску, то ня проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі пэрформанс, бо кожны побач адразу напінаецца ўвагай. Верагодна, у нейкую, магчыма і не зусім аддаленую пару, каб размаўляць на людзях па-беларуску, трэба будзе браць дазвол у гарадзкіх уладаў з адзнакай месца і часу, як гэта робіцца, калі хтосьці ладзіць палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы.
Сьвядома трымацца мовы — гэта штодня выконваць ролю беларуса ў трагікамічным спэктаклі без пачатку і канца. Гэта — жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па сьмерці твая роля беларуса ня мусіць быць перапыненая і на помніку тваё імя напішуць на матчынай мове. Каб хто ні йшоў побач, дык запыніўся думкай:
— Бач ты, і на тым сьвеце яму няймецца.
І пасьля яшчэ доўга сам-насам дзівіўся:
— От жа і ўпартыя бываюць сярод беларусаў. Хоць кол ім на галаве цяшы, а яны ўсё роўна за сваё чапляюцца!