Сьвятлана Завадзкая гаворыць, што яе надзеі на пасьпяховае завяршэньне расьсьледаваньня пакуль што прывідныя: "Адзіны станоўчы момант у тым, што я маю права хадайнічаць аб допыце асобаў, якіх лічу неабходным апытаць ці якія згадваюцца ў справе. Пакуль справа была прыпыненая, я не магла хадайнічаць пра гэта”, – гаворыць жонка журналіста. У Завадзкай ёсьць пытаньне да былога генпракурора Алега Бажэлкі: навошта ён замаўляў для расьсьледаваньня абсталяваньне ў Расеі. “Таксама хацелася б, каб апыталі камандзіра СОБРа Дзьмітрыя Паўлічэнку і генпракурора Віктара Шэймана", – сказала Сьвятлана Завадзкая.
Сьвятлана Завадзкая адзначыла, што справу аб зьнікненьні яе мужа раней вяла Транспартная пракуратура, а цяпер яе аднаўляе Генэральная пракуратура. "У сувязі з гэтым надзеі на адказы Шэймана выглядаюць вельмі прывіднымі. І ўвогуле ўзьнікае ўражаньне, што справу кідаюць ад адной структуры да іншай", – гаворыць жонка зьніклага журналіста.