Дырэктар Ірацкай службы Радыё Свабода Дэвід Нютан быў амбасадарам Злучаных Штатаў у Багдадзе 1984-1988 і неаднаразова асабіста сустракаўся з Садамам Хусэйнам. Першае пытаньне – ці пазнаў ён былога ірацкага дыктатара ў кадрах, паказаных па тэлебачаньні?
(Нютан: ) “Так, канечне. Яго можна было вельмі ясна пазнаць, нягледзячы на ўсе гісторы пра двайнікоў, гэта напэўна быў ён, нават з барадой. Як я пажартаваў, зараз у Іраку на аднага бамжа стала меней”.
Тэлеканалы перадавалі кадры радасьці і сьвяткаваньня на вуліцах Багдаду. Як былы амбасадар ацэньвае рэакцыю насельніцтва Іраку?
(Нютан: ) “Пераважная большасьць іракцаў цалкам шчасьлівыя. Недзе ў глыбіні душы шмат хто баяўся, што ён вернецца, пакуль ён ня схоплены. Людзі зь ягонага роднага гораду і суседніх раёнаў бачаць у гэтым знак, што іхнае былое дамінаваньне ў краіне скончанае, і некаторым гэта не падабаецца”.
Дэвід Нютан працаваў ў дыпляматычных місіях ў шэрагу іншых блізкаўсходніх дзяржаваў, у тым ліку ў Сырыі. У мінулую пятніцу ЗША ўвялі рэжым санкцыяў супраць Сырыі. Як на гэтым тле можна ацаніць візыт беларускага кіраўніка ў Дамаск?
(Нютан: ) “У сырыйскага рэжыму сур’ёзныя праблемы. Санкцыі наўрад ці наўпрост паўплываюць на эканоміку краіны, гандаль са ЗША абмежаваны. Але прадстаўнікі ЗША могуць галасаваць супраць спробаў Сырыі атрымаць крэдыты, рэструктарызаваць свае запазычанасьці. Што да візыта прэзыдэнта Лукашэнкі – гэтыя два рэжымы анахранічныя, ізаляваныя. Ня ведаю, як у Беларусі, але ў Сырыі ўсе навіны пачынаюцца з прэзыдэнта – што ён сказаў, хто да яго прыехаў, хто прыслаў тэлеграмы. Прэзыдэнт – гэта сонца, вакол якога круціцца сьвет. І калі асабліва ніхто не прыяжджае, паўстае праблема. Таму столькі шуму вакол візытаў, увагі, разьдзмуваньня. Гэта анахранізм”.