Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАЧАЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ ПАД НАЗВАЮ “РЭЛІГІЙНЫ ДЫЯЛЁГ І ЗАМІРЭНЬНЕ ПРАЗ МАСТАЦТВА”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтую міжнародную канфэрэнцыю, што праходзіць у Беларускім экзархаце Расейскай праваслаўнай царквы, арганізаваў праваслаўны інстытут Рэлігійнага дыялёгу і міжканфэсійных камунікацыяў. У ёй бяруць удзел прадстаўнікі праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай (баптысцкай) цэркваў зь Беларусі і з-за мяжы, а таксама беларускія мусульмане й прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.

Вось што сказаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе арганізатар канфэрэнцыі, прадстаўнік інстытуту Рэлігійнага дыялёгу Рыгор Даўгяла:

(Даўгяла: ) “Калі мы гаворым аб эўрапейскім аб’яднаньні, мы не павінны забываць таго культурнага фону, таго стылю жыцьця, таго духу эўрапейскасьці, які ўласна й стварыў, падрыхтаваў гэты працэс. Гэта й хрысьціянскія каштоўнасьці, гэта каштоўнасьці навукі, асьветы. А гэта неяк дзіўна трохі, забываецца, калі мы ўсё больш і актыўней гаворым аб інтэграцыйных працэсах. Мы лічым, што Царква можа зрабіць свой унёсак у адкрыцьцё нанова гэтых культурных і духоўных асноваў. Ну, а Беларусь, якая з траўня наступнага году становіцца памежнай тэрыторыяй паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай, можа зрабіць істотны ўнёсак”.

Патрыяршы экзарх мітрапаліт Філарэт лічыць, што праблема міжканфэсійнага дыялёгу Ўсходу з Захадам і захаваньне хрысьціянскіх традыцыяў Эўропы вельмі важная для Беларусі:

(Філарэт: ) “Мы заклапочаныя тым, што Эўропа, якая аб’ядноўваецца, забыла пра свае карані. І думаю, што гэта не бяз злога намеру адбываецца. Якраз гэтыя хрысьціянскія асновы выкараняюцца ў нашай сьвядомасьці. І нашая канфэрэнцыя гэта напамін Эўропе — не забывайце ні бабулю, ні дзядулю. А Беларусь — эўрапейская краіна”.

Пра важнасьць міжканфэсійнага і міжрэлігійнага дыялёгу ў гэтым разе сродкамі мастацтва казалі прадстаўнікі розных цэркваў. Так, на думку, кіраўніка каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Рэнавабі” зь Нямеччыны доктара Гэрхарта Альбэрта, мастацтва ёсьць платформай для міжрэлігійнага дыялёгу.

А вось меркаваньне прадстаўніка Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі ксяндза Аляксандра Тарасэвіча:

(Тарасэвіч: ) “Цяпер, калі адчуваем недахоп магчымасьцяў, якімі можам карыстацца, каб знайсьці агульную мову, і ў гэтым выпадку вельмі трапны спосаб знойдзены. Праз культуру, праз мастацтва знайсьці тое, што нас злучае — досьвед веры, таго, што мы перажываем адныя й тыя ж таямніцы нашай веры. Праз мастацтва мы можам адчуць глыбіню перажываньняў веры ў розных культурах, у розных хрысьціянскіх культурах і традыцыях”.

Удзельнікі канфэрэнцыі вырашылі зрабіць такія форумы пастаяннымі, у рамках адмысловай праграмы “Эўрапейскія масты”, на якіх будуць абмяркоўвацца розныя аспэкты рэлігійнага дыялёгу і паяднаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG