(Кімадж: ) “Я б сказаў, што гэта выклікае зьмяшаныя пачуцьці. Зразумела, ёсьць радасьць, але ёсьць і адчуваньне прыніжэньня ад таго, як паказалі Хусэйна, як зь ім абыходзяцца. Ацэнкі, зразумела, залежаць ад палітычных пазыцыяў, якія адстойваюць тыя ці іншыя арабскія выданьні.
Радасьць, якая прысутнічае ў камэнтарах, тлумачыцца тым, што Хусэйн сымбалізаваў ня толькі супраціў, ён сымбалізаваў і дыктатуру, і ўсе ў арабскім сьвеце ведаюць, наколькі жорсткай была гэтая дыктатура. Да таго ж на тон камэнтароў паўплывалі і кадры з Багдаду, дзе тысячы людзей радаваліся з нагоды арышту Хусэйна. Праўда, некаторыя арабскія газэты выказваюць меркаваньне, што гэтыя пачуцьці выказваюць родныя тых людзей, хто пацярпеў. Да таго ж ёсьць шмат іракцаў, якія жывуць за мяжою, і яны, зразумела, распавядалі пра злачынствы гэтага рэжыму”.
Сп. Кімадж, а як арабскі друк успрымае самыя ўмовы затрыманьня Хусэйна? Ён хаваўся ў нейкай нары, не аказаў супраціву, хаця і меў зброю. Гэта кантрастуе зь лёсам ягоных сыноў, якія загінулі ў баі:
(Кімадж: ) “Шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што ён не страляў і ўвогуле не аказаў супраціву. Некаторыя выказваюць думку, што самым прыніжальным былі ня ўмовы ягонага арышту, а тое, як ён кіраваў Іракам. Аднак значная частка і арабскага сьвету, і арабскіх мэдыяў успрымаюць як прыніжэньне цяперашнюю сытуацыю ў Іраку, дзе знаходзяцца амэрыканскія войскі”.
Сп. Кімадж, некаторыя экспэрты і палітыкі лічаць, што былы дыктатар быў па меншай меры адной з ключавых асобаў супраціву. Але самае месца, дзе яго затрымалі – ці можна апэратыўна кіраваць баявымі дзеяньнямі з падземнай нары?
(Кімадж: ) “Шмат хто гаворыць, што ён ня мог кіраваць супрацівам з гэтай ямы, што гэта фізычна немагчыма. Але ў любым выпадку гэта сымбалічны ўдар па супраціву. Я ўжываю гэты тэрмін, бо ён трыдыцыйны для арабскага друку. У некаторых публікацыях выказваецца думка, што супраціў не зьвязаны з Садамам, паводле іх, гэта не былыя баасісты, а ірацкі народ, які паўстае супраць акупацыі.Гэтае меркаваньне выказвалася сёньня ня толькі ў арабскім друку”.
На Ваш погляд, як далей будзе разьвівацца арабская рэакцыя на арышт Хусэйна?
(Кімадж: ) “Шмат хто раскручваў Садама Хусэйна, маўляў, ён герой, ён адзіны супраціўляўся, ён адзіны ў нас такі. Зараз гэты міт, можа быць, зьнікне. Па тэлебачаньні былі вельмі моцныя кадры”.