Аляксандар Лукашэнка сёньня, у адрозненьне ад калегаў з краінаў СНД, не паехаў на пахаваньне Гейдара Аліева ў Баку, а правёў адмысловую нараду з кіраўніцтвам ураду і сілавымі міністрамі наконт разьвіцьця вайскова-прамысловага комплексу Беларусі і выказаўся за стварэньне асобнага міністэрства ВПК. Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч на пытаньне пра ягоную непасрэдную рэакцыю на арышт Хусэйна адказала:
(Пяткевіч: ) “Калі будзе — чытайце ў паведамленьнях прэсавай службы. Я ўсё сказала”.
У МЗС Беларусі з нагоды арышту Хусэйна заявілі, што гэта адно са зьвёнаў міжнароднай праблемы ўрэгуляваньня ірацкага канфлікту. На думку МЗС Беларусі, “лёс Садама Хусэйна павінен вырашацца народам Іраку”.
Больш катэгарычны адзін з набліжаных да А.Лукашэнкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян. Ён перакананы, што арыштавалі й паказваюць не Хусэйна, а ягонага двайніка, каб узьняць маральны дух амэрыканскага войска. Але арышт Хусэйна не прынясе міру ў Ірак, — упэўнены С.Касьцян.
(Касьцян: ) “Яны ў суботу арыштавалі Хусэйна, але ўчора і сёньня ўжо прагрымелі выбухі супраць амэрыканскіх салдат, і тыя загінулі. Таму міру ня будзе, але аб’яднаецца ўвесь арабскі сьвет”.
На думку дэпутата Касьцяна, афіцыйная Беларусь дастаткова выказалася на гэтую тэму, у прыватнасьці ў інтэрвію А.Лукашэнкі сырыйскім СМІ напярэдадні ягонага візыту ў Дамаск, у якім ён асудзіў “агрэсараў”.
Пазыцыя беларускіх уладаў у гэтай праблеме цалкам шкодзіць народу і краіне, — упэўнены экс-міністар абароны Павал Казлоўскі.
(Казлоўскі: ) “Увесь сьвет аб’яднаўся для таго, каб ваяваць з тэрарызмам, а мы самыя “разумныя”, робім наадварот, гэта ж тупік… Калі гляджу на Лукашэнку, на кіраўніцтва нашай дзяржавы, я не магу зразумець, чаму яны гэтак упарта, бязмозгла вядуць гэтую палітыку. Вось учора ў “Постскрыптуме” зноў “грамілі” ЗША. Чаму Лукашэнка едзе ў Сырыю, гэты візыт пампэзна рэклямуецца ў нас у Беларусі, а праз пару дзён ЗША (не таму, што там быў Лукашэнка, а проста так супала) праз пару дзён ЗША аб’яўляюць для Сырыі эканамічныя і палітычныя санкцыі… Ну, дурней палітыкі, чым праводзіць сёньняшняе кіраўніцтва, я проста ня бачыў”.
Павал Казлоўскі ўпэўнены, што цяпер, пасьля арышту Садама Хусэйна, супраціў амэрыканскім вайскоўцам зьменшыцца.
(Казлоўскі: ) “Я ня думаю, што ён там рэальна кіраваў супраціўленьнем, але тое, што ён быў жывы, у кагосьці гэта, можа, усяляла страх, у кагосьці — упэўненасьць у нейкай будучай перамозе. Тое ж, што ён арыштаваны, падарве веру ў іракцаў”.
Тым ня менш, спадар Казлоўскі зазначае, што магчымы і нейкі выбух супраціву ў Іраку, зьвязаны з арыштам Хусэйна, але ненадоўга.
Адзін зь лідэраў БНФ Юры Хадыка так ацэньвае тэлевізійныя кадры з выявай барадатага Хусэйна і ягонага сховішча ў зямлі:
(Хадыка: ) “Выклікае пэўную жаласьць, што чалавек загнаў сябе, ахвяраваў жыцьцямі сваіх дзяцей, многіх іракцаў дзеля дыктатарскай неабмежаванай улады. Гэта выклікае агіду проста, такая ягоная бесчалавечая філязофія. Так што можна толькі павіншаваць Злучаныя Штаты і іх саюзьнікаў з тым, што, па-мойму, ужо вырашальнай перавагі і пералому ў змаганьні за дэмакратыю ў Іраку дамагліся”.
Юры Хадыка ўпэўнены, што лёс Хусэйна, як раней Мілошавіча, зь якімі сябраваў А.Лукашэнка, напамін усім дыктатарам пра непазьбежнасьць адказнасьці за іх дзеянньні.