Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АДАБ’ЮЦЦА НА БЕЛАРУСІ МАЖЛІВЫЯ САНКЦЫІ ЗША СУПРАЦЬ СЫРЫІ?


Юры Сьвірко, Менск

Новы закон дае амэрыканскаму прэзыдэнту права на санкцыі супраць Сырыі, але таксама і магчымасьць адмовіцца да іх. У камюнікэ Джорджа Буша не гаворыцца, ці зьбіраецца ён скарыстацца санкцыямі, але зазначаецца, што гэты закон скіраваны на “ўзмацненьне магчымасьцяў ЗША праводзіць эфэктыўную замежную палітыку”.

Закон абмяжоўвае экспарт зброі і тавараў падвойнага прызначэньня, амэрыканскія інвэстыцыі ў Сырыю, мажлівасьці паездак сырыйскіх дыпляматаў на тэрыторыі ЗША, а таксама прадугледжвае скарачэньне амэрыканскай дыпмісіі ў Дамаску. Сырыю абвінавачваюць у падтрымцы тэрарыстаў і акупацыі Лібану.

Прэзыдэнт Буш падпісаў гэты закон неўзабаве пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Сырыю, падчас якога шмат гаварылася пра пашырэньне беларуска-сырыйскага супрацоўніцтва. Ці перашкодзіць апошняму новы амэрыканскі закон? Вось як адказаў на гэтае пытаньне прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Неабходна падкрэсьліць, што гэтае рашэньне мае аднабаковы характар і не распаўсюджваецца на ўзаемадачыненьні Сырыі зь іншымі краінамі. Наша супрацоўніцтва з Сырыйскай Арабскай Рэспублікай абсалютна адкрытае й скіраванае на разьвіцьцё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У зьвязку з гэтым мы плянуем працягнуць ажыцьцяўленьне ў поўным аб’ёме дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя падчас візыту ў Дамаск афіцыйнай дэлегацыі Беларусі на чале з прэзыдэнтам”.

Вось як пракамэнтаваў гэтыя словы прэсавага сакратара МЗС былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Трэба падзякаваць МЗС за тое, што яно не хавае плянаў кіраўніцтва, бо мы ведаем, што ня так даўно Лукашэнка загадаў МЗС палепшыць адносіны са Злучанымі Штатамі — і вось такая заява выкрывае сапраўдныя пляны: што ніякага паляпшэньня не плянавалася, што ўсё гэта была гульня й што прыслухоўвацца ня толькі да Злучаных Штатаў, а да ўсяго дэмакратычнага сьвету Беларусь не зьбіраецца”.

Ці бачыць беларускае МЗС супярэчнасьць паміж імкненьнем паляпшаць стасункі са Злучанымі Штатамі ды намагьнямі пашырыць супрацоўніцтва з Сырыяй? Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных зазначыў:

(Савіных: ) “Палітыка Рэспублікі Беларусь мае шматвэктарны характар, пра што мы не аднойчы заяўлялі. Гэта раўназначныя паводле свайго напрамку вэктары — узаемадачыненьні з ЗША, з Заходняй Эўропай і ўзаемадачыненьні з краінамі, якія разьвіваюцца. Мы ня лічым, што нашы стасункі з Сырыяй могуць нэгатыўна ўплываць на, скажам, супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Больш за тое, гэтыя два пытаньні ня маюць наўпроставай сувязі, паколькі яўна беларускае супрацоўніцтва з Сырыяй не нясе нейкай пагрозы ні для кой краіны, тым больш для ЗША”.

Паводле Андрэя Савіных, Менск узяў пад увагу зьяўленьне новага закону, але мае пэўныя сумневы наконт эфэктыўнасьці санкцыяў, бо аднабаковыя санкцыі, як правіла, былі контарпрадуктыўнымі. Ці адаб’юцца мажлівыя амэрыканскія санкцыі супраць Дамаску на Беларусі? Вось меркаваньне міжнароднага каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) “Калі насамрэч Злучанымі Штатамі будуць уведзеныя гэтыя санкцыі супраць Сырыі, а Злучаныя Штаты, думаю, будуць кансультавацца з эўрапейскімі дзяржавамі таксама, і тут будуць пэўныя супольныя меры прынятыя. Відавочна, гэта адаб’ецца на Беларусі — вельмі дрэнныя цяпер адносіны з Захадам, але ж санкцыяў пакуль што няма. Гэта можа давесьці да санкцыяў супраць Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG