Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ ВАЙСКОЎЦЫ ЗАТРЫМАЛІ Ў ІРАКУ БЫЛОГА КІРАЎНІКА КРАІНЫ САДАМА ХУСЭЙНА


Юры Дракахруст, Прага

Першапачаткова пошукі не далі аніякіх вынікаў. Каля аднаго з аб’ектаў знаходзілася агароджаная плотам фэрма, якая падалася вайскоўцам падазронай. Паводле зьвестак часопісу “Time”, увагу вайскоўцаў на фэрму зьвярнуў мясцовы жыхар. На ёй салдаты знайшлі падземнае сховішча, закладзенае цэглаю і брудам. Менавіта ў гэтым сховішчы, у нары, на глыбіні 2 мэтраў быў знойдзены Садам Хусэйн. Памеры сховішча дазвалялі яму толькі ляжаць. Паводле “Time”, сховішча было настолькі малым, што амэрыканскім салдатам давялося пашыраць яго, каб выцягнуць адтуль Хусэйна. Генэрал Санчэс назваў сховішча Хусэйна “павучынай нарою”, гэтак падчас віетнамскай вайны называлі сховішчы віетнамскіх снайпэраў.

Былы кіраўнік Іраку пры затрыманьні не аказаў аніякага супраціву, хаця і меў зброю, пры ім былі знойдзеныя пісталет і два аўтаматы Калашнікава. Хусэйн меў таксама пры сабе 750 тысячаў даляраў. Да таго ж у яго быў знойдзены ліст ад аднаго з кіраўнікоў ірацкага супраціву. На фэрме былі таксама затрыманыя яшчэ два іракцы і знойдзеная машына таксі.

Паляваньне за былым кіраўніком Іраку працягвалася некалькі месяцаў. Карціна сховішчаў Хусэйна была сфармаваная на падставе разьведнай інфармацыі і допытаў сьведкаў. Аднак паведамляецца, што менавіта ў суботу амэрыканскія вайсмкоўцы атрымалі дакладныя зьвесткі пра месца, дзе хаваецца былы дыктатар. Ня выключана, што пэўную ролю ў затрыманьні Хусэйна адыграла і абяцаная ўрадам ЗША ўзнагарода за інфармацыю пра яго месцазнаходжаньне – 25 мільёнаў даляраў.

Пасьля затрыманьня Хусэйн прайшоў мэдычны агляд, які засьведчыў добры стан здароўя былога дыктара Іраку. У яго была ўзятая проба сьліны, аналіз ДНК пацьвердзіў, што затрыманая асоба – сапраўды Садам Хусэйн.

Камандуючы амэрыканскімі войскамі ў рэгіёне генэрал Рыкарда Санчэс на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што Хусэйн пасьля затрыманьня быў даволі разгаворлівы і з гатоўнасьцю адказваў на пытаньні. Паводле іншых крыніцаў, былы дыктатар паўтараў звычайныя тэзы сваёй прапаганды. Сябра Кіраўнічай Рады Іраку Аднан Пачачы атрымаў магчымасьць паразмаўляць з Хусэйнам. Паводле Пачачы, “ён выглядаў вельмі стомленым, але абсалютна не пакаяўся і трымаўся вельмі дзёрзка. Ён заявіў, што быў проста жорсткім кіраўніком”.

Ужо прыгаданы часопіс “Time” у сэнсацыйным матэрыяле падае некаторыя фрагмэнты першага допыту дыктатара. “Ірацкі народ патрапіў ў няволю, я смуткую, бо мой народ у ланцугах”, – заявіў Хусэйн амэрыканскім сьледчым. Ён працягваў катэгарычна адмаўляць наяўнасьць у яго былога рэжыму зброі масавага зьнішчэньня. “Амэрыканцы выдумалі гэта, каб мець падставу пачаць вайну супраць нас”, – заявіў ён на допыце. На пытаньне, чаму ж тады ён не дапусьціў інспэктараў на свае сакрэтныя аб’екты, Хусэйн адказаў: “Мы не хацелі, каб яны лезьлі ў нашае прыватнае жыцьцё”.

Месца, дзе трымаюць Хусэйна, трымаецца ў сакрэце, паводле некаторых зьвестак, ён часова перавезены ў суседнюю краіну Катар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG