Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ПОЛЬШЧЫ НАПІСАЛІ КАЛЯ 9000 ЛІСТОЎ ДА ЎЛАДАЎ КРАІНАЎ, У ЯКІХ ПАРУШАЮЦЦА ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле папярэдніх дадзеных, цягам 24 гадзінаў жыхары 20 польскіх гарадоў напісалі каля 9 тысячаў лістоў у такія краіны, як Беларусь, Кітай, Турэччына, Судан ды іншыя, у розных справах, што тычацца парушэньняў правоў чалавека.

У лістах на імя беларускага кіраўніка, палякі заклікалі спыніць перасьлед недзяржаўных арганізацыяў праз суды, якія ня ёсьць незалежнымі.

Гаворыць прэсавая сакратарка польскай “Amnesty International” Мірэла Панэк:

(Панэк: ) “Сёлета “Amnesty International” ладзіць марафон пісаньня лістоў чацьверты раз, і ўжо другі раз у сьпіс краінаў, у якія мы заклікаем высылаць лісты, уключаная Беларусь. Гэтым разам мы выступілі ў падтрымку ўсіх беларускіх праваабаронцаў, чые арганізацыі былі зачыненыя ўладамі. Летась мы пісалі лісты ў справе журналістаў Мажэйкі і Маркевіча, якія былі прызнаныя “Amnesty International” вязьнямі сумленьня. Паводле справаздачаў нашай арганізацыі, правы чалавека ў Беларусі сур’ёзна парушаюцца. У прыватнасьці, гаворка йдзе пра запалохваньне праваабаронцаў, несправядлівыя судовыя працэсы, зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў”.

Паводле польскай філіі “Amnesty International”, супрацоўнікі якой, дарэчы, і прыдумалі “Марафон лістоў”, гэтая акцыя даволі эфэктыўная. Летась, прыкладам, такім чынам удалося ўратаваць жыхарку Нігэрыі, якую хацелі забіць за тое, што праз тры гады па разводзе яна чакала дзіцё ад іншага мужчыны.

“Наша акцыя дае шанец кожнаму ў просты спосаб дапамагчы канкрэтнай асобе, якую перасьледуюць улады, нават калі гэтая асоба знаходзіцца на другім баку зямлі”, – кажуць у “Amnesty International”.

А ці шмат палякаў сёлета пісалі ў Беларусь? Працягвае Мірэла Панэк:

(Панэк: ) “На маю думку, пытаньне Беларусі заўсёды цікавіла нашых прыхільнікаў, бо гэта суседняя краіна. Падзеі ў Беларусі нярэдка выклікаюць большую цікаўнасьць, чым падзеі, прыкладам, у Турэччыне ці Афрыцы. Мне цяжка сказаць, колькі дакладна лістоў было даслана Лукашэнку, але з тых 9 тысячаў, што мы напісалі ва ўсёй Польшчы, напэўна вялікая колькасьць была скіраваная да беларускіх уладаў”.
XS
SM
MD
LG