Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРОНЕКАМІЗЭЛЬКА АД АЛІЕВА

Сяргей Навумчык, Прага

Адразу пасьля прылёту ў Баку нас прыняў намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Азэрбайджана, пра якога супрацоўнікі апарату парлямэнту сказалі нам, што гэта пазашлюбны сын Гейдара Аліева. У той момант Аліеў быў старшынём Вярхоўнага Савету Нахічаваньскай аўтаномнай рэспублікі, якая ўваходзіла і ўваходзіць у склад Азэрбайджана. Празь некалькі гадоў гэты віцэ-сьпікер быў узарваны ў сваім аўтамабілі, і цяпер я разумею, што калі б ня той выбух, дык напэўна менавіта ён быў бы цяпер прэзыдэнтам Азэрбайджана.

У той дзень віцэ-сьпікер запытаў нас, куды б мы хацелі паехаць, і мы выбралі Нахічавань, у той час самы гарачы пасьля Нагорнага Карабаху пункт. Мы меркавалі быць у Нахічавані два дні, а правялі тыдзень, затрымаліся на просьбу Аліева, які знаходзіўся ў той час у Турцыі.

Пасялілі нас у былой абкамаўскай рэзэдэнцыі. Пасьля вяртаньня з Анкары Аліеў прыняў нас у сваім кабінэце ў вельмі сьціплым будынку Вярхоўнага Савету Нахічавані, будынку, які мне нагадваў нечым які-небудзь райвыканкам у Паставах ці ў Лепелі. Газон, ля будынку клявалі куры, наагул усё было вельмі бедна, вельмі сьціпла, што ня дзіўна, бо ішла вайна з Армэніяй.

Наша сустрэча доўжылася каля гадзіны, яна была засьнятая на відэа і потым паказвалася на мясцовым тэлебачаньні, і па БТ фрагмэнт таксама паказалі, Аліеў узгадаў свае добрыя адносіны з Машэравым, але асноўная частка размовы была прысьвечаная тагачаснай вайне. Дарэчы, тады мы дамовіліся вывезьці адтуль сем’і афіцэраў-беларусаў, і двума самалётамі яны былі вывезеныя адтуль пазьней.

Але я павінен прызнацца, што ў той момант я глядзеў на Аліева ня столькі як на дзейнага палітыка, як на архіўны пэрсанаж, такі гістарычны пэрсанаж, у якога ўсё ў мінулым. І вось якраз гэтае мінулае чальца брэжнеўскага палітбюро выклікала цікавасьць. Я зусім ня мог падумаць, што нейкая можа быць палітычная будучыня ў гэтага дзядулі.

Час паказаў, што ў сваім успрыманьні Аліева як архаічнага пэрсанажа, гэткага лагоднага дзядулі, я вельмі жорстка памыліўся. Былы чалец палітбюро да таго быў яшчэ і генэралам КГБ. Ён скарыстаў амбіцыі маладзейшых палітыкаў, прыйшоў на іх плячах да ўлады, дакладней, вярнуўся ва ўладу, адправіў Эльчыбея на тую самую абкамаўскую дачу ў Нахічавані, куды ў якасьці гасьцей пасяліў нас Кучынскім, а потым жалезнай рукой Аліеў расправіўся з аппанэнтамі і яшчэ больш жорстка расправіўся з тымі, хто дапамог яму прыйсьці ва ўладу. І нарэшце, зрабіў тое, што яшчэ нікому не ўдавалася на былой тэрыторыі былога СССР: перадаў уладу свайму сыну.

Між іншым, той наш візыт у Нахічавань меў і своеасаблівы працяг. Нам зь Віктарам Кучынскім падаравалі амэрыканскія бронекамізэлькі, якія ня браў нават стрэл з аўтамата Калашнікава. Праз два гады на прэзыдэнцкіх выбарах я прапанаваў сваю бронекамізэльку Пазьняку, але Пазьняк грэбліва адмовіўся. А вось чалец каманды Лукашэнкі Віктар Кучынскі перадаў сваю бронекамізэльку Аляксандру Лукашэнку, і вось менавіта ў той аліеўскай бронекамізэльцы Лукашэнка і правёў сваю передвыбарчую кампанію. Праўда, у Лукашэнку ніхто не страляў.
XS
SM
MD
LG