Гэты зьезд быў звычайным рабочым, справаздачна-выбарчым. У ім брала ўдзел 148 дэлегатаў з усіх абласьцей Беларусі. Менскія ўлады не далі арганізатарам зьезду магчымасьці правесьці яго ў сталіцы, таму форум праходзіў за горадам.
Цэнтральнай падзеяй стаў зачытаны на зьезьдзе даклад старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка пад назваю “Беларусь — Усходняя Эўропа”. Тэкст дакладу зачытаў дэлегат Мікалай Крыжаноўскі. Галоўнай палітычнай падзеяй у Беларусі ў апошнія два гады спадар Пазьняк лічыць наступную:
(Цытата з дакладу Пазьняка: ) “З палітычных падзеяў, якія мелі значэньне для інтарэсаў Беларусі, я б адзначыў ліквідацыю менскай місіі АБСЭ і галоўнае — выдаленьні ў сувязі з гэтым Ганса Віка, галоўнага архітэктара стварэньня грантавай намэнклятурнай “апазыцыі” і разбурэньня Беларускага Народнага Фронту. Але ў цэлым, прысутнасьць у краіне міжнародных арганізацыяў (у тым ліку і АБСЭ) ёсьцьстаноўчай і неабходнай зьявай у цяперашнім беларускім жыцьці”.
Другой па значнасьці падзеяй лідэр КХП БНФ назваў спробу Расеі інкарпараваць Беларусь, чаму актыўна супраціўляліся сябры ягонай партыі. А вось як ацэньвае Зянон Пазьняк дзеяньні ЗША на міжнароднай арэне:
(Цытата з дакладу Пазьняка: ) “У выніку дзеяньняў Амэрыкі практычна перастала існаваць вольная і незалежная дзяржава Афганістан. Другая цывілізацыйная (дакладней, глябалізатарская) вайна пачалася сёлета 20 красавіка ў Іраку і набыла на цяперашні дзень ужо выразныя рысы партызанскага супраціўленьня супраць акупацыі”.
Пры гэтым лідэр КХП БНФ піша, што ягоныя асабістыя кантакты з амэрыканскімі палітыкамі ў справе прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі былі вельмі добрыя і карысныя.
Яшчэ больш дасталося ад Зянона Пазьняка лева-лібэральнаму Эўразьвязу, які ўжо не прызнае традыцыйных каштоўнасьцяў хрысьціянскай культуры і дае свабоду розным збачэнцам, у тым ліку й сэксуальным.
У выніку найбліжэйшыя задачы КХП БНФ Зянон Пазьняк акрэсьліў наступным чынам:
(Цытата з дакладу Пазьняка: ) “Любой цаной не дапусьціць страты незалежнасьці нашай краіны, зьберагчы мову, культуру, працу і маёмасьць Беларусі шляхам ліквідацыі нелегітымнай прамаскоўскай улады. Наш шлях — незалежная моцная Беларусь. Нам ня трэба ні ўлева, ні ўправа, ні на Ўсход, ні бяздумна на Захад. Мы Эўропа. Эўропа Ўсходняя. Нас нічога добрага не чакае ў цяперашняй лібэральнай Заходняй Эўропе. Мы там чужыя. Гэтак жа,як чужыя ў Расеі. Мы іншыя эўрапейцы, бо не згубілі душы. Беларусь — наша Эўропа”.
Зянон Пазьняк таксама крытыкаваў іншыя апазыцыйныя сілы, якія заклікаюць весьці Беларусь у Эўразьвяз, а абаронцаў Курапатаў назваў маргінальнай моладзьдзю, якім прапанавалі паказныя ўмовы тэатралізаванай рамантыкі. Дзейнасьць сваёй партыі ў справе абароны Курапатаў і незалежнасьці Беларусі спадар Пазьняк ацэнвае станоўча, хаця не задаволены тым, што шэрагі КХП БНФ пашыраюцца слаба. Заля вітала зачытаную прамову свайго лідэра стоячы.
Прамовы намесьнікаў старшыні КХП БНФ спадароў Беленькага, Папкова і Старчанкі ды іншых дэлегатаў зьезду былі менш радыкальныя. Галоўны іх сэнс — усяляк супрацьдзейнічаць плянам Масквы і Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум у справе прыняцьця канстытуцыйнашга акту саюзнай дзяржавы. Зьезд прыняў заяву супраць зьнішчэньня беларускай адукацыі й абраў на старшыню Зянона Пазьняка.