Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКУЮ ПАДЗЕЮ БЕЛАРУСЫ ЛІЧАЦЬ ГАЛОЎНАЙ У 2003 ГОДЗЕ?


Галіна Абакунчык, Менск

І пра падзею, і пра чалавека года ў Беларусі апытаныя на вуліцах мінакі найчасьцей адказвалі няпэўна — казалі, што сёлета такіх у краіне не было. Але некаторыя ўсё ж згадвалі і станоўчыя, і адмоўныя падзеі.

(Карэспандэнтка: ) “Што ў Беларусі сёлета вы назвалі бы падзеяй году?”

(Спадар: ) “Кажуць, што найлепшая падзея — адсутнасьць падзеяў. І такая сытуацыя асабіста мне падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Нават ня ведаю. Хіба сьвята гораду — была такая прыгожая падзея. А ўвогуле галоўнай падзеяй ёсьць тое, што ўсё ціха й спакойна”.

(Юначка: ) “Моладзь сёлета стала асабліва актыўная, мы ўдзельнічаем у дзяржаўных падзеях, палітычных, культурных ды іншых”.

(Спадар: ) “Я ня бачу галоўнай падзеі ў Беларусі. Для мяне галоўная падзея — гэта выбары ў Расеі”.

(Спадар: ) “Ратушу ў Менску адчынілі. Хіба для Беларусі гэта не падзея?”

(Спадарыня: ) “Мяне падзеі ў Беларусі ў асноўным толькі засмучаюць. І ўвогуле мне падаецца, што мы дачакаемся таго, што будзем жыць, як нашыя продкі ў гадах 1930–40-х”.

(Спадар: ) “Падзея году? Добрых нават і не было. А калі з адмоўных, то сьмерць Васіля Быкава”.

(Спада: ) “Важным для народу Беларусі ёсьць тое, што беларуска-расейскі саюз ня будзе такім, як тое бачыць урад краіны”.

Таксама зь цяжкасьцю менчукі вылучалі й чалавека году, але такія імёны называлі.

(Карэспандэнтка: ) “Каго б вы назвалі сёлета чалавекам году?”

(Спадарыня: ) “Цяжкае пытаньне. На жаль, я ня выбрала бы нікога”.

(Спадар: ) “Нікога ня бачу ў нашай краіне. Пад мае планкі ніхто не падыходзіць”.

(Юначка: ) “Нават і ня ведаю. Але я бы адзначыла кіраўніка нашага аркестру “Маладая Беларусь” Міхаіла Казінца”.

(Юначка: ) “Я часта наведваю наш ТЮГ і мне падаецца, што такім ёсьць актор Алег Сідорчык. Мне вельмі падабаецца, вельмі”.

(Спадар: ) “Напэўна, Уладзімер Мулявін. На жаль, як заўсёды так адбываецца, што толькі пасьля сьмерці чалавек набывае пашану”.

(Спадарыня: ) “Чалавек году Зянон Пазьняк — быў і застаецца”.

(Спадар: ) “На жаль, у Беларусі няма такой асобы. Растуць, не хвалюйцеся”.

(Спадарыня: ) “Тое, што я не назвала бы чалавекам году нашага прэзыдэнта — гэта адназначна”.

(Спадар: ) “Я таксама нашага “ўсенароднаабранага” не назваў бы чалавекам году”.

(Спадар: ) “Васіль Быкаў. Хоць ён і пакінуў гэты сьвет, але Васіля Быкава я назваў бы чалавекам году ў Беларусі”.

Гэтак жыхары Менску адказвалі на пытаньні пра падзею і пра чалавека 2003 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG