Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОЧЫМ БЕРАСЬЦЕЙСКАГА ЭЛЕКТРАМЭХАНIЧНАГА ЗАВОДУ ПРАПАНУЮЦЬ АТРЫМАЦЬ ЗАРОБАК СЕЯЛКАМI


Алег Супрунюк, Берасьце

Сярэднi заробак на электрамэханiчным заводзе цяпер не перавышае 150 тысяч рублёў. У некаторых цэхах ён меншы амаль у тры разы, але i гэтых грошай рабочыя своечасова атрымаць ня могуць. Апошнi заробак iм прапанавалi забраць прадукцыяй заводу — прасамi, газавымi i электрычнымi лiчыльнiкамi й нават сеялкамi. Вось што распавёў з гэтай нагоды адзiн з рабочых:

(Рабочы: ) “Ходзяць чуткi, што быццам бы для справаздачы трэба падпiсаць паперкi, што атрымалi замест заробку прадукцыю, а потым здалi яе на склад i атрымалi грошы. Але нiякiх грошай не было, таму людзi адрэагавалi па-рознаму: некаторыя згодныя, а некаторыя — не”.

Тым з рабочых, хто пагадзiўся з такой прапановай, грошы паабяцалi выплацiць пазьней. Рабочыя заводу мяркуюць, што такiм чынам адмiнiстрацыя адрапартавала ўпраўленьню статыстыкi пра лiквiдацыю запазычанасьцi й пазьбегла пакараньня за нявыплату заробленых грошай.

Намесьнiк дырэктара Барыс Канаплянiк кажа, што кiраўнiцтва прадпрыемства толькi абмяркоўвала магчымасьць выдаць заробак уласнай прадукцыяй. Пасьля атрыманьня заводам чарговай банкаўскай пазыкi ад гэтай задумы адмовiлiся. Але спадар Канаплянiк ня выключае, што да яе прыйдзецца вяртацца iзноў, бо фiнансавае становiшча прадпрыемства вельмi цяжкае.

(Канаплянiк: ) “Працы мала, адгулаў шмат. Працуем толькi тры днi на тыдзень ўсяго. Якi можа быць заробак? Колькi зарабiлi, столькi i падзялiлi”.

Яшчэ дзесяць гадоў таму на электрамэханiчным заводзе Берасьця, якi выконваў вайсковыя замовы, працавала амаль 15 тысяч чалавек, цяпер — менш за тры тысячы.

Паводле зьвестак гарадзкога ўпраўленьня статыстыкi, гэты завод — не адзiнае прадпраемства Берасьця, дзе ня здольныя своечасова разьлiчыцца за працу з работнiкамi. Агульная запазычанасьць на прадпрыемствах гораду складае каля двух мiльярдаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG