Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАВЕЦ АДСЕДЗЕЎ 30 СУТАК АРЫШТУ


Любоў Лунёва, Менск

Артура Фінькевіча сустракалі некалькі сяброў Маладога Фронту і лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч. Хлопца сустрэлі воплескамі і воклічам: “Жыве Беларусь!” Артур Фінькевіч за месяц, што правёў за кратамі, вельмі схуднеў, адчуваў сябе кепска, але трымаўся бадзёра:

(Фінькевіч: ) “Я абураны тым, што мяне пакаралі двойчы за адно і тое ж, можна казаць, злачынства. Гэта папросту дзікунства. Сядзелася больш-менш нармальна. У камэры ад пяці да сямі чалавек. Цяпер прывялі крымінальных аўтарытэтаў. Але, нічога, нармальна. На шаснаццатыя суткі ў мяне быў самы крытычны час. Папросту “дах ад’яжджаў”. Гэта вельмі жорстка. Сямнаццаць сутак нават не давалі памыцца. У мяне нават была тры дні кароста. Потым вывеў. Крыху там захварэў. Прастуда — з вакна ж “сіфоніла”. Яно ж не зачыняецца. Канечне, месяц сядзець у адным памяшканьні — гэта занадта. Хаця, можа, сутак пяць я б яшчэ працягнуў”.

Сябра Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч і сябра Партыі Свабоды Васіль Парфянкоў два дні таму выйшлі з-за кратаў спэцпрыёмніка пасьля 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пад лёзунгам: “Не — трэцяму рэфэрэндуму!” Яны таксама прыйшлі сустракаць Артура. Зьміцер Дашкевіч паводле свайго ўласнага досьведу ведае, як патрэбная маральная падтрымка.

(Дашкевіч: ) “Мы прыехалі сустрэць Артура, бо гэта вельмі важна, каб у чалавека ня ўпаў дух. Ёсьць два такія асноўныя моманты: калі ідзеш на кардоны і калі цябе сустракаюць. Трэба, каб чалавек ня ўпадаў у адчай і ведаў, што сядзіць ня дарма”.

Адказны сакратар управы Маладога Фронту Барыс Гарэцкі дадаў:

(Гарэцкі: ) “Мы ўсіх падтрымлівалі маральна. Гэта вельмі важна для людзей, якія сядзяць такія вялізныя тэрміны. Безумоўна, гэта важна для тых, хто застаецца на волі і робіць усё гэта. Малады Фронт гэтыя пасадкі ніколі не напалохаюць. Хутка ў нас будуць вясновыя кампаніі, і там мы паглядзім, хто каго”.

Сёньня ўвечары Малады Фронт ладзіць вечарыну з нагоды вызваленьня сваіх сяброў. Артура будуць частаваць тортам і кавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG