Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 12 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год:

“Беларусы!!! Пытайця па ўсіх кнігарнях і ва ўсіх кніганошаў і таргоўцоў кнігамі Беларускаго Календара і беларускіх кніжэк. Гэтым вы прымусіця іх мець на продаж беларускіе календары і кніжкі, аткрыеця доступ беларускаму друкаванаму слову ў найдалейшыя закуткі Беларусі. Розные кнігары і кніганошы залічваюць беларускую вёску нічога невартай і нездаровай, “лубачнай” літэратурай расейскай і польскай і мала таго што перэкручваюць беларуса, але псуюць яго душу, вымагайця-ж каб яны мелі роднае народу і здаровае беларускае друкаванае слово”.

“Советская Белоруссия”, 1963 год:

“Хапугі”. Пад такім загалоўкам быў надрукаваны ў нашай газэце ліст. У ім работніца Менскага аўтазаводу т.Валчок расказвала пра тое, што гр-н Паўлюць, які жыве на вул. Алтайскай у доме 170-б, трымае сьвіней, казу, шмат птушак і корміць іх хлебам. Пракурор Заводзкага раёну г.Менску т.Матарас паведаміў рэдакцыі, што падчас праверкі факты цалкам пацьвердзіліся. Гаспадыня дома Юзэфа Паўлюць нідзе не працуе, адкармлівае на сваёй “фэрме” скот і птушку, а мяса рэалізуе на рынку. Апрача таго, Паўлюць займаецца самагонаварэньнем… Нядаўна справу Паўлюць Юзэфы разглядаў народны суд Заводзкага раёну. Злосная парушальніца савецкіх законаў Паўлюць пазбаўлена волі тэрмінам на адзін год”.

“Европейское время”, 1993 год. Джэйн Кэртлі, выканаўчы дырэктар асацыяцыі “Свабода слова” ў Вашынгтоне, з нагоды прыняцьця Вярхоўным Саветам Беларусі ў першым чытаньні праекту Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”:

“Я мяркую, што найлепшы закон аб друку — гэта адсутнасьць любога закону аб друку, акрамя заявы ў канстытуцыі аб тым, што ўрад ня мае намеру выдаваць аніякіх законаў, што абмяжоўваюць свабоду прэсы. Такі падыход служыць інтарэсам амэрыканскага грамадзтва на працягу больш чым 200 гадоў. Кажучы гэта, я прызнаю, што ў многіх краінах, уключна з Эўропай, існуе традыцыя выдаваць адпаведныя законы. Адной з галоўных праблем пры такім падыходзе зьяўляецца тое, што ўрад атрымлівае сродак, які дае яму магчымасьць узьдзейнічаць на сродкі масавай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG