Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКЛЮЧЭНЬНЕ ШЭРАГУ ДЗЯРЖАВАЎ ЗЬ ЛІКУ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ АДБУДОВЫ ІРАКУ МОЖА ПАШКОДЗІЦЬ ЗША


Юрась Бушлякоў, Прага

Кампаніі зь Вялікабрытаніі, Італіі, Польшчы й Гішпаніі маюць атрымаць значную частку тых 18 мільярдаў даляраў, якія Злучаныя Штаты зьбіраюцца выдаткаваць на аднаўленьне Іраку. Пастанова Пэнтагону выклікала нэгатыўную рэакцыю ў Канадзе, Францыі, Нямеччыне й Расеі – кампаніі з гэтых краінаў пазбаўленыя права прэтэндаваць на кантракты для адбудовы Іраку. Сярод першых пастанову ЗША скрытыкаваў прэм’ер-міністар Канады Пол Мартын:

(Мартын: ) “Я думаю, вельмі цяжка зразумець гэтую пастанову. Канада выдзеліла блізка 300 мільёнаў даляраў на адбудову Іраку. Нашыя войскі знаходзяцца ў Аўганістане й нясуць у гэтай краіне вельмі-вельмі цяжкую службу. Я таксама лічу, што найважнейшае ў гэтым выпадку аднаўленьне Іраку. Там так пакутуюць, і, думаю, абавязак кожнай краіны – удзельнічаць у разьвіцьці Іраку”.

Рэзкімі словамі адгукнулася на ход Злучаных Штатаў і Расея. Міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што ў такой сытуацыі ягоная краіна ня мае намеру дараваць Іраку 8-мільённы доўг.

(Іваноў: ) “Што да адбудовы Іраку, я думаю, гэта супольны клопат міжнароднай супольнасьці, і ўсе тыя краіны, якія гатовыя паспрыяць ірацкаму народу ў аднаўленьні краіны пасьля вайны, павінны мець для гэтага ўсе магчымасьці”.

Пастанову ЗША скрытыкаваў сярод іншых і генэральны сакратар ААН Кофі Анан. Паводле ягоных словаў, амэрыканскае рашэньне сее варажнечу й не дапамагае стабілізаваць сытуацыю ў Іраку.

Тым часам Белы дом адстойвае сваю пазыцыю. Яго прадстаўнік Скот Макклелан заявіў, што краіны кааліцыі, якія выдзелілі вайсковыя ды іншыя рэсурсы для перамогі над Хусэйнам, павінны мець права выкарыстаць “найлепшыя кантракты”, прафінансаваныя амэрыканскімі платнікамі падаткаў.

У сваю чаргу міжнародныя аналітыкі дапускаюць, што апошні ход Пэнтагону пагражае стасункам ЗША з саюзьнікамі. Як мяркуе дырэктар эўрапейскай праграмы амэрыканскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Сайман Сэрфаці, выключэньне некаторых краінаў зь ліку ўдзельнікаў адбудовы Іраку зноў дае апанэнтам Джорджа Буша падставы цьвердзіць, што Злучаныя Штаты пачалі вайну ў Іраку за нафту й узбагачэньне.

(Сэрфаці: ) “Абумоўліваючы ўдзел у адбудове Іраку членствам у “кааліцыі ахвотнікаў”, мы ўводзім матывацыю выгады, а гэта яўна асуджае нас на правал”.

Нельга дапусьціць, – падагульняе Сэрфаці, – каб у сьвеце склалася ўражаньне, што Злучаныя Штаты ўзнагароджваюць тых, хто падтрымаў іхную палітыку ў Іраку, і змушаюць панесьці плату тых, хто выказаўся супраць вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG