Я паспрабавала адправіць анкету на ўдзел у лятарэі. Разьмешчаная сама анкета на сайце www.dvlottery.state.gov.
Найперш адправіцелю раяць праверыць фотаздымак – ці адпавядае ён стандарту. Так што даслаць няправільны здымак ужо не атрымаецца, нават калі захацець.
Пасьля адкрываецца сама анкета. Усё выпаўняецца проста, шмат дзе ёсьць выбар з наяўных магчымасьцяў. Сама анкета складаецца з дзьвюх частак. Першая – інфармацыя пра самога ўдзельніка лятарэі, другая — пра членаў ягонай сям’і.
У анкеце пазначаны і варыянт двух адрасоў, куды пераможцу трэба накіроўваць паведамленьне аб выйгрышы. Тут можна даваць адрас свой, а таксама знаёмых у іншай краіне. Вопыт паказвае, што вельмі шмат выйгрышаў амэрыканскіх грын-картаў апошнія гады прыходзілі на амэрыканскія адрасы ды на адрасы ў Нямеччыне. Так, даем беларускі і амэрыканскі адрас. Пасьля адрас электроннай пошты, хатні тэлефон, на усялякі выпадак.
Краіна рэгістрацыі выбіраецца з тых, што дае сама анкета. Толькі тыя, што удзельнічаюць у розыгрышы. Беларусь.
Калі краіна нараджэньня ўдзельніка не дапушчаная да розыгрышу, сёлета Расея, напрыклад, то электронная анкета просіць гэта пазначыць і назваць краіну, паводле якой удзельнік будзе гуляць. Напрыклад, краіну народжаньня бацькоў альбо жонкі можна падаваць як краіну ўдзельніка.
І жонка, і муж у гэтым годзе таксама могуць паасобку ўдзельнічаць у лятарэі. Але нельга адпраўляць больш адной анкеты на аднаго чалавека. Кампутар адразу вас выключыць зь ліку ўдзельнікаў. Тут жа ў анкеце пра гэта нагадваецца. Праграма зьліквідуе рэгістрацыю, калі супадуць нейкія дадзеныя з папярэдней рэгістрацыяй.
Адпраўляем анкету. У мяне на экране зьявілася інфармацыя аб тым, што сайт лятарэі зараз перагружаны, і стрэлка паказвае на лічбу 81237. Магчыма, гэта мой нумар. Але перагрузка. Напісана, што мая анкета не зарэгістраваная, магу яе адправіць пазьней, яна ня будзе дублікатам і ня будзе парушэньнем правілаў.
Такім чынам, усё вельмі проста. Толькі трэба мець адпаведныя стандарту электронныя фотаздымкі ўсіх членаў сям’і і настойлівасьць. У час, калі да канца рэгістрацыі застаецца два тыдні, ахвотных удзельнічаць у лятарэі Грын-карт становіцца больш.
Розыгрыш лятарэі Грын-карт DV2005 пачаўся сёлета 1 лістапада і скончыцца 30 сьнежня. Сёлета ў інструкцыях Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША пазначаецца, што шляхам лятарэі будуць выбраны 110 тысячаў пераможцаў, але толькі 55 тысячы, гэта значыць палова зь іх, атрымаюць візы на ўезд у Злучаныя Штаты і пасьля Грын-карту– права на сталае жыхарства ў ЗША.
Наўмыснае павелічэньне колькасьці выйгрышаў рабілася і раней, але зараз, калі ў анкеце няма подпісу чалавека, а таксама няма арыгіналу фотаздымку, праверка дакумэнтаў і інтэрвію ў амэрыканскіх консульствах будуць больш сур’ёзныя. Яшчэ заўважана, што сёлета больш шанцаў выйграць лятарэю, чым раней : меней удзельнікаў, у першую чаргу з найбяднейшых краінаў сьвету, дзе кампутар усё яшчэ рэдкасьць.
Пасьля 30-га сьнежня інтэрнэт-старонка www.dvlottery.state.gov працаваць ня будзе. Ёсьць яшчэ час патрапіць у час, калі няма перагрузкі на сайце.
Сёньня амэрыканскія эміграцыйныя юрысты ўжо даюць і шэраг іншых парадаў. Калі вы вырашылі карыстацца дапамогаю нейкай фірмы, то зьвярніце ўвагу на тое, што:
- Ніводная фірма ня мае ніякіх паўнамоцтваў ад амэрыканскіх уладаў.
- Удзел у лятарэі не каштуе аніякіх грошай. Усё, што вы будзеце плаціць – гэта толькі аплата паслуг фірмы.
- Толькі тыя інтэрнэт–кампаніі, што маюць на канцы адрасу літары GOV, што адначае у скароце “дзяржаўны”, маюць адносіны да дзяржаўных структураў ЗША. Але нікому не забаронена ўжываць на сайтах амэырканскія джяржаўныя сымбалі, такія, як сьцяг, герб, гербавыя сымбалі, папулярны сымбаль статуі Свабоды. Але наяўнасьць усяго гэтага не надае дзяржаўнай афіцыйнасьці сайту, а значыць і гарантыяў.
- Ніводная фірма ня можа гарантаваць выйгрыш, пераможцу выбірае кампутар.
- Нікому і ніколі не адпраўляйце арыгіналаў сваіх дакумэнтаў. Усе амэрыканскія дзяржаўныя ўстановы патрабуюць толькі копіі.