Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ ДАЎ ПРЭСАВУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ З НАГОДЫ СВАЙГО ХУТКАГА ВЫЗВАЛЕНЬНЯ


Алесь Горбач, Баранавічы

Прэсавая канфэрэнцыя была наладжаная Баранавіцкай філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў і праходзіла ў памяшканьні выдавецкага дому “Інтэкс-прэс”, дзе ўвесь гэты год засуджаны журналіст працаваў кур’ерам. Спадар Івашкевіч, паводле яго слоў, недарэмна правёў час у Баранавічах. Ён высока ацаніў узровень разьвіцьця мясцовага трэцяга сэктару ды незалежных сродкаў масавай інфармацыі, адзначыў, што шмат чаму давялося і павучыцца. Горад ён пакідае з добрымі ўражаньнямі, з добрымі ўспамінамі пра яго жыхароў. Што ж датычыць непасрэдна ягонай справы, то Віктар Івашкевіч адзначыў:

(Івашкевіч: ) “Я цалкам адсядзеў гэты год. На свабоду з чыстым сумленьнем выходжу. Ніякіх лістоў з просьбай, каб мне зрабілі палёгку, не пісаў. Ніякіх заяваў, што я раскайваюся ў сваіх дзеяннях, не пісаў. І вось “нераскаяны” такі і выходжу”.

Паводле Віктара Івашкевіча, пасля вызваленьня ён ня мае плянаў займацца журналістыкай, узнаўляць газэту “Рабочы”, а зьбіраецца скіраваць сваю дзейнасьць на палітычны фронт. Калі дазволіць заканадаўства, то спадар Івашкевіч не выключае, што ў наступным годзе будзе балятавацца ў палату прадстаўнікоў па адной з баранавіцкіх акругаў.

Дырэктар выдавецкага дому “Інтэкс –прэс” Уладзімер Янукевіч адзначыў, што ягоны калектыў разьвітвацца з Івашкевічам будзе са шкадаваннем:

(Янукевіч: ) “Зьяўленьне Віктара ў нашай рэдакцыі выклікала нават невялікі ўздым, бо журналісты пачалі адчуваць сябе больш адказна, бо прыехаў да нас рэдактар даволі вядомай на той час газэты, які зьяўляўся палітвязьнем. Пасьля бліжэйшага знаёмства зь Віктарам усе адчулі да яго павагу як да чалавека і палітыка, бо ягоныя веды аб палітычным становішчы ў краіне дапамагалі журналістам лепш арыентавацца. Таму мы адначасова і радыя, што Віктар паедзе дахаты, паедзе да родных, будзе займацца любімай справай. А зь іншага боку нам і шкада, бо ён даволі ўплывова ўзьдзейнічаў на журналістаў сваім досьведам, палітычным і жыццёвым”.

Віктар Івашкевіч падчас свайго знаходжаньня на “хіміі” актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці гораду. Актывіст мясцовай філіі партыі БНФ Сяргей Гоўша са шкадаваньнем кажа, што з ад’ездам Івашкевіча філія страціць актыўнага сябра. А кіраўнік Баранавіцкай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктар Карлінскі адзначае:

(Карлінскі: ) “Я асабіста ганарыўся, што ў нашым горадзе зьявіўся такі чалавек, што я зь ім бліжэй пазнаёміўся. Ён мне спадабаўся сваімі думкамі (я ацэньваю чалавека па гэтым). А яго думкі вельмі цікавыя. І хоць мы зь ім знаходзімся ў розных партыях, але паразуменьне заўсёды знаходзілі”.

На волю Віктар Івашкевіч павінен выйсці шаснаццатага снежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG