Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ТРОХ ГАДОЎ СТАГНАЦЫІ Ў ГЛЯБАЛЬНАЙ ЭКАНОМІЦЫ БАЧНЫЯ ПРЫКМЕТЫ АЖЫЎЛЕНЬНЯ


Кастусь Бандарук, Прага

Шэраг фінансавых арганізацыяў і паасобных эканамістаў прадказваюць паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў сьвеце ў 2004 годзе. “Упершыню за даўжэйшы час мы маем падставы да аптымізму ў справе вяртаньня да нармальнага росту глябальнай эканомікі, а нават і да лепшага”, –заяўляюць прадстаўнікі Міжнароднага Валютнага Фонду. Гэтак жа, на падставе сытуацыі ў ЗША, Японіі і Эўропе, лічыць таксама эканаміст з Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця Вінсэнт Коэн.

(Коэн: ) “Эканоміка ЗША выяўляе моцнае ажыўленьне. Неспадзявана выразна паднялася ў гэтым годзе і японская эканоміка. Таксама зона эўра, якая выразна адставала, зараз перажывае ўздым пасьля трох гадоў стагнацыі. У выніку, справы ў 2004 годзе выглядаюць цалкам няблага”.

Што тычыцца Злучаных Штатаў, дык мяркуецца, што рост валавога ўнутранага прадукту з 2,6 % сёлета падскочыць да 3,9% у наступным годзе. У зоне “эўра”, эканамічны рост складзе амаль 2%. Сёлета ён дасягнуў ўсяго 0,5%. Выразна мае рушыць зь месца найбуйнейшая ў Эўропе нямецкая эканоміка. Сёлета рост валавога ўнутранага прадукту ў ФРН блізкі нуля, аднак ў наступным годзе ён мае скласьці 1,5%.

Найхутчэй, паводле эканамічных прагнозаў, будуць разьвівацца эканомікі азіяцкіх краінах. Незважаючы на эпідэмію САРС, Кітай мае стабільны эканамічны рост. У наступным годзе ён мае ўтрымацца на высокім леташнім ўзроўні 7,5% або будзе нават нязначна большы. Эканамічны рост у Японіі, які да канца гэтага году складзе 2%, запаволіцца да 1,4% ў 2004 годзе. Аднак, на думку Вінсэнта Коэна, трывалае ажыўленьне японскай эканомікі залежыць ад стану кітайскай эканомікі.

(Коэн: ) “Эканамічнаму росту ў Азіі выдатна паспрыяе дынамізм Кітаю. Аднак існуе небясьпека, што кітайская эканоміка можа аказацца перагрэтай. Зноў жа, ажыўленьне японскай эканомікі будзе залежаць ад павелічэньня экспарту ў Кітай”.

Што тычыцца краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, дык прагноз на 2004 год таксама аптымістычны. Паводле Міжнароднага Валютнага Фонду, глябальны валавы ўнутраны прадукт ўзрасьце ў наступным годзе з 3,2 % да 4,1%. Аднак брытанскі эканаміст Нік Рэдман лічыць, што ўсё будзе залежаць ад рэальнай эканамічнай сытуацыі ў іхных партнэраў у Заходняй Эўропе.

(Рэдман: ) “У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе сытуацыя залежыць ад гандлю з Эўразьвязам. Напрыклад, эканоміка Францыі і ФРН разьвіваецца марудней, чым у скандынаўскіх краінах. У выніку балтыйскія рэспублікі, якія цесна зьвязаныя са Скандынавіяй, будуць мець большы эканамічны рост”.

У краінах СНД у сярэднім валавы ўнутраны прадукт павялічыцца на 5%. Што тычыцца Расеі, дык ейная эканоміка моцна залежная ад экспарту нафты і газу, цэны на якія прадбачыць немагчыма.

Аднак паводле эканамістаў, аздараўленьне глябальнай эканомікі будзе залежаць ад шэрагу чыньнікаў, якіх прадбачыць немагчыма. Асноўныя чыньнікі рызыкі:

- высокія цэны на нафту і рэальная магчымасьць новага паліўнага шоку,
- геастратэгічныя небясьпекі – тэрарызм, Ірак, Блізкі Ўсход, Іран, Паўночная Карэя,
- вяртаньне эпідэміі САРС ў Азіі,
- павелічэньне фінансавага дэфіцыту ў ЗША і рэзкае зьніжэньне вартасьці амэрыканскага даляра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG