Аляксандар Лукашэнка вельмі рэдка бывае ў краінах Захаду: з афіцыйнымі візытамі эўрапейскія лідэры яго не запрашаюць. Але ён выкарыстоўвае іншыя магчымасьці, каб папрысутнічаць сярод кіраўнікоў краінаў. Летась яму не ўдалося выехаць у Прагу, на саміт Рады Эўраатлянтычнага партнэрства: тады чэскія ўлады не далі яму візы.
Швайцарскія ўлады не заміналі ўдзелу А.Лукашэнкі ў першым Усясьветным саміце ў справе інфрамацыйнага грамадзтва, што праводзіўся пад эгідай ААН. І А.Лукашэнка выступіў на ім з шэрагам ініцыятываў. Ён выказаў гатовасьць Беларусі да ўдзелу ў міжнародных праектах у галіне высокіх тэхналёгіяў, запрасіў у Беларусь болей замежных студэнтаў, заклікаў аб’яднаць намаганьні дзяржаваў дзеля стварэньня даступных і якасных інфармацыйных прадуктаў, якія б прадаваліся ў разьвіцьцёвыя краіны па зьніжаных коштах. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “Беларусь дынамічна разьвіваецца ў галіне высокіх тэхналёгіяў, пра што сьведчыць яе становішча лідэра ў гэтай галіне сярод краінаў былога Савецкага Саюзу”.
У Цэнтры інфармацыйных тэхналёгіяў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту на падобныя заявы зазначылі:
(Супрацоўнік: ) “Цяжка сказаць, першае месца, другое ці трэцяе, гэта ж трэба сур’ёзна аналізаваць, але прынамсі, у першых шэрагах. Самы просты прыклад, што нават студэнты нашыя перамагаюць на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы. Гэта таксама аб многім гаворыць”.
Тым ня менш, ён прызнаў, што дзяржаўнае фінансаваньне праектаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў у Беларусі паступова скарачаецца, а прыватных інвэстыцыяў мала.
Аляксандар Лукашэнка падчас свайго выступу ў Жэнэве заявіў, што менавіта беларускія навукоўцы ажыцьцявілі ў бесьпілётным рэжыме пасадку касьмічнага карабля “Буран”, і што цяпер беларускія навукоўцы, што займаюцца абарончай тэматыкай, не разьбегліся па сьвеце, а працуюць дома над грамадзянскімі праграмамі.
“Жыцьцё атрымае новую якасьць з разьвіцьцём і шырокім прымяненьнем інфармацыйных тэхналёгіяў”, — такую ўпэўненасьць выказаў А.Лукашэнка ў сваім жэнэўскім выступе.
Рэдактар закрытай уладамі газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч, які адбыў судовае пакараньне за інфармаваньне чытачоў падчас выбарчай кампаніі, так ацаніў гэтае выказваньне беларускага кіраўніка:
(Маркевіч: ) “Я расцэньваю гэтыя словы як словы двурушніка, які гаворыць адно, а робіць зусім супрацьлеглае. Роля Аляксандра Лукашэнкі ў станаўленьні інфармацыйнага грамадзтва грамадзтва ў Беларусі цалкам адмоўная, цалкам нэгатыўная. Ён фактычна робіць усё, каб інфармацыйнае грамадзтва, а гэта грамадзтва будучага, было ў Беларусі разбуранае. Ён робіць усё дзеля таго, каб заткнуць рот сваім апанэнтам. Ён зачыняе газэты, пад яго кіраўніцтвам адбываюцца гакерскія атакі на няўгодныя сайты. Ён проста рэпрэсаваў інфармацыю ў Рэспубліцы Беларусь. І, канечне, гэтыя ягоныя словы выклікаюць толькі гнеў адносна таго, колькі ж можна хлусіць, і калі гэтаму будзе канец”.
Мікола Маркевіч лічыць, што Лукашэнку варта было бы залічыць да тых кіраўнікоў дзяржаваў, якіх называюць праціўнікамі Інтэрнэту, інфармацыйнага грамадзтва і прэсы, кшталту прэзыдэнта Зымбабвэ Робэрта Мугабэ, які афіцыйна абвесьціў Інтэрнэт злом.