Сёлета ў верасьні дэлегацыя Рады Эўропы, у складзе якой былі і два дэпутаты польскага Сэйму – ад правячай кааліцыі Аляксандар Малахоўскі і ад апазыцыі – Богдан Кліх, наведала Менск, каб высьвятліць, ці можна вярнуць Беларусі ў Радзе статус адмыслова запрошанага госьця.
У часе спатканьня дэлегацыі з амбасадарамі краінаў–сябраў Эўразьвязу, якія працуюць у Менску, Аляксандар Малахоўскі пахваліў сытуацыю ў Беларусі. Варта адзначыць, што пасьля гэтых словаў, амбасадар Вялікай Брытаніі выйшаў з залі.
Ужо ў Польшчы дэпутат Малахоўскі заявіў, што апазыцыі ў Беларусі практычна няма.
У сваю чаргу другі сябра дэлегацыі, дэпутат Богдан Пліх, на старонках штодзёньніка “Rzeczpospolita” заявіў, што ў Менску Аляксандар Малахоўскі нават не знайшоў часу на спатканьне з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ды грамадзкімі дзеячамі, а абмежаваўся толькі праграмай, падрыхтаванай афіцыйнымі ўладмі.
Таму, паводле Пліха, меркаваньні Малахоўскага не адлюстроўваюць сапраўднай сытуацыі ў Беларусі, а таксама пярэчаць афіцынай пазыцыі польскіх уладаў што да дачыненьняў зь Менскам.
У адказ Аляксандар Малахоўскі абвінаваціў свайго калегу ў паклёпе і хлусьні. У выніку, камісія ў справах дэпутацкай этыкі прызнала паводзіны Малахоўскага неэтычнымі ды абвесьціла яму вымову.