Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ МІНАКОЎ І ПАКУПНІКОЎ ПА-БЕЛАРУСКУ НЕ ВІНШУЮЦЬ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На пешаходнай вуліцы Савецкай на гандлёвым доме “Нёман” нядаўна зьявілася вялікая беларускай шыльда, а вось віншаваньне з Новым годам над уваходам напісалі па-расейску. Сьвяточныя надпісы на іншых крамах — таксама расейскія. Праўда, яшчэ няма вулічных транспарантаў. Сьвятлана Жамойціна ўзначальвае аддзел рэклямы, які належыць упраўленьню архітэктуры і горадабудаўніцтва.

(Жамойціна: ) “Плянуецца разьмяшчэньне сьвяточных транспарантаў і перацяжак. Яны будуць на дзьвюх мовах, як і летась, зь віншаваньнем жыхароў гораду з Раством і з Новым годам”.

Сьвятлана Жамойціна гаворыць, што паводле закону аб рэкляме заказчык павінен рабіць шыльды, надпісы або на беларускай мове, або на расейскай.

(Жамойціна: ) “Сам заказчык мае права выбіраць і апошняе слова за ім. І, згодна з гэтым законам, мы ня можам яго прымусіць”.

І большасьць выбірае расейскую мову. Чакаць, што на Каляды і Новы год зьявіцца болей надпісаў на беларускай мове, мабыць, не выпадае. Зьмяніўся загадчык аддзелу культуры гарвыканкаму, і ўся рэкляма на нядаўнім сьвяце гораду ўпершыню была цалкам на расейскай мове. Сёньня на вулічных стэндах зьявіліся новыя афішы. Мінакоў запрашаюць на калядную выставу камянёў у Новы замак, філярмонія прапануе калядныя прэм’еры — танцы, музычную мазаіку. І ўсё гэта — выключна па-расейску. Сталая жанчына якраз наклейвала сьвежыя афішы, я зьвярнуўся да яе:

(Карэспандэнт: ) “Я гляджу, што на беларускай мове няма афішаў. А калі вы клеіце, вам трапляюцца беларускамоўныя?”

(Расклейшчыца: ) “А чаму — многа, вельмі. Зараз нават тут паглядзім”.

(Карэспандэнт: ) “Усё на расейскай”.

(Расклейшчыца: ) “Няпраўда”.

(Карэспандэнт: ) “Няма ніводнай беларускай”.

(Расклейшчыца: ) “А вы знаеце што: мы рускую мову вельмі добра разумеем і мы салідарныя з Расеяй і рускім народам. Беларускі і рускі народы — адзіныя. І я тут нічога ня бачу кепскага”.

Расклейшчыца вулічных афішаў, праўда, запэўніла, што раней ёй трапляліся афішы і на беларускай мове, але якія — яна ня памятае. Што датычыць Таварыства беларускай мовы, дык яно пытаньнем сьвяточнага афармленьня гораду пакуль не займалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG