Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РС/РСЭ

11 сьнежня 1610 году загінуў самазванец на расейскім царскім пасадзе, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Ілжэдзімітрыя ІІ-га. Гэты чалавек быў папоўскім сынам і настаўнікам у Шклове на Магілёўшчыне, калі яго захапіў вір расейскай палітычнай смуты і ўзьнёс на маскоўскі трон, дзе Ілжэдзімітры прасядзеў некалькі месяцаў. Неўзабаве аднак ён мусіў уцячы ў Калугу. Там у часе паляваньня яго нібы выпадкова, але насамрэч па-здрадніцку забіў ягоны прыяцель.

Сёньня спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэньня Гектара Луі Бэрліёза, францускага кампазытара, дырыжора і музычнага пісьменьніка.

Сёньня ж адзначаюцца 160-я ўгодкі Робэрта Коха, нямецкага лекара, заснавальніка навукі пра бактэрыі. У 1882 годзе ён выявіў узбуджальніка сухотаў, а праз год – халеры. Вось жа больш за сто гадоў прайшло, а людзі ўсё яшчэ паміраюць ад сухотаў. Асабліва церпяць на іх вязьні ў турмах. Што да халеры, дык яе лячыць так і не навучыліся наагул. А яшчэ Робэрт Кох выявіў чыстую культуру ўзбуджальніка сыбірскай язвы. І гэтая хвароба сёньня на слыху ва ўсіх пасьля таго, як у Амэрыцы яе сталі прысылаць у лістах разам зь белым парашком. Што да Робэрта Коха дык ён напоўніцу выканаў сваю навуковую місію і ў 1905 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізіялёгіі і мэдыцыны.

11 сьнежня 1876 году ў Вішневе на Смаргоншчыне нарадзіўся Мечыслаў Карловіч. Ён быў сынам славутага этнографа і музыколяга Яна Карловіча, а сам стаў кампазытарам. Пасьля вучобы ў Нямеччыне пасяліўся ў Варшаве, дзе заснаваў свой аркестар, пісаў сымфоніі. Паводле прызнаньня самога Мечыслава Карловіча, ён зь дзяцінства любіў беларускія песьні і матывы іх шчодра ўключаў у свае творы. Асабліва гэта адчуваецца ў трыпціху “Адвечныя песьні“ і ў “Літоўскай рапсодыі“. Дарэчы, гэтыя творы ёсьць у рэпэртуары сымфанічнага аркестру Беларускага радыё і тэлебачаньня.

Сёньня спаўняецца 85 гадоў расейскаму пісьменьніку, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі Аляксандру Салжаніцыну. Найперш ён вядомы сваім выкрывальніцкім творам пра сталінскія лягеры “Архіпэлаг ГУЛАГ“. Адрынуты савецкай сыстэмай, Салжаніцын шмат гадоў пражыў у Амэрыцы. Але пасьля развалу СССР вярнуўся ў Расею. Між іншым, у 1990 годзе яго за “Архіпэлаг ГУЛАГ“ намінавалі на дзяржаўную прэмію РСФСР, ад якой ён адмовіўся. Адбылося гэта таксама 11 сьнежня. У лісьце ў камітэт па прэміях Салжаніцын пісаў: “Гэтая кніга – пра пакуты мільёнаў, і я не магу зьбіраць на ёй пашану сабе“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG