Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ І БЭЛЬГІІ АДБЫЛІСЯ ПІКЕТЫ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ПАРУШЭНЬНЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Каля 15 чалавек прыйшлі да гмаху Міністэрства замежных справаў Польшчы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі з надпісамі па-польску “Трэба памятаць пра ахвяры рэжыму Лукашэнкі”, “Ніякіх дамоўленасьцяў з дыктатурай”, “Стоп Лукашэнка”.

Прысутныя трымалі таксама партрэты зьніклых беларускіх апазыцыянэраў ды запалілі сьвечкі, каб ушанаваць іхную памяць.

Гаворыць Томаш Бладынец – старшыня “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” – арганізацыі, якая зарганізавала пікет.

(Бладынец: ) “У міжнародны дзень правоў чалавека мы вырашылі нагадаць пра зьніклых беларускіх палітыкаў, а таксама выказаць пратэст супраць кантактаў польскага ўраду зь беларускімі ўладамі, калі Эўропа і ўвесь сьвет байкатуюць Лукашэнку і ягоных паплечнікаў”.

Акрамя польскай моладзі, у пікеце бралі ўдзел і студэнты зь Беларусі, якія вучацца ў Варшаве. Гаворыць адзін зь іх.

(Студэнт: ) “Мяне, як студэнта, які вывучае журналістыку, непакоіць праблема парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту я буду журналістам, і я не абаронены ад таго, што таксама магу стацца ахвярай палітычнага перасьледу. Таму мой голас сёньня таксама мусіць быць адданы на карысьць правоў чалавека”.

Удзельнікі пікету раздавалі мінакам улёткі, у якіх сярод іншага гаворыцца, што кантакты афіцыйнае Варшавы зь беларускім кіраўніцтвам – гэта ганьба для Польшчы.

У Брусэлі, каля прадстаўніцтва ААН у Бэльгіі таксама прайшоў пікет, які зарганізавалі сябры Беларускага эўрапейскага задзіночаньня. З бэльгійскай сталіцы гаворыць намесьнік старшыні гаэтай арганізацыі Вадзім Кабанчук:

(Кабанчук: ) “У пікеце ўзялі ўдзел каля 30 чалавек, які прыехалі з розных гарадоў Бэльгіі. Мы трымалі розныя плякаты, сьцягі. А таксама распаўсюджвалі маніторынгі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі сярод мінакоў і супрацоўнікаў прадстаўніцтва ААН. Гарадзкія ўлады і паліцыя паставіліся да нашай акцыі станоўча, і гэта ўскосна падцьвярджае, што ў эўрапейскай супольнасьці ёсьць цікаўнасьць да таго, што робіцца ў Беларусі”.

Удзельнікі пікету ў Брусэлі перадалі зварот у прадстаўніцтва ААН у Бэльгіі. У звароце гаворыцца пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі – зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў, закрыцьцё грамадзкіх арганізацыяў ды парушэньні рэлігійных свабодаў беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG